Выстава "Пад блакiтам нябёсаў"

Пастэль, у якой Вячаслаў Шамшур актыўна і плённа працуе з пачатку 1990-х гадоў, ў яго творчасці набыла жывапісную дэкаратыўнасць, кампазіцыйную архітэктанічнасць і падкрэслена аўтарскае гучанне. Адмовіўшыся ад растушоўкі, як ад асноўнага тэхнічнага прыёму пастэлі, з дапамогай якога звычайна перадаваліся тонкія пераходы колеру і тону, мастак аддаў перавагу выразнаму штрыху, як асноўнаму сродку эмацыянальнай выразнасці і дынамічнай экспрэсіўнасці. 

У творчасці В. Шамшура можна казаць і пра асаблівую аўтарскую паэтыку. Яна абумоўлена не толькі пэўнай сістэмай ўлюбёных тэм і матываў, апавядальнасцю вобразнага ладу, але і абапіраецца  на адметную індывідуальную драматургію прасторы ў яго краявідах.  Важнай і адметнай рысай пейзажаў В. Шамшура з’яўляецца іх выразная кампазіцыйнасць. Яе ствараюць не толькі дакладна вызначаная архітэктоніка ўласна кампазіцыйных элементаў, трывалая канструкцыя, але і каларыстычныя кантрасты, гульня святла і цені. Нярэдка мастак піша амаль што панарамныя краявіды са складана танальна распрацаванымі планамі, з адлюстраваннем эмацыянальна выразнага стану прыроды. Пры гэтым заўжды ў пастэлях мастака выразна і цікава арганізаваны пярэдні план кампазіцыі, своеасаблівы ўваход у яе прастору і паэтычны свет.  Выкарыстанне нязвыклых ракурсаў, асіметрыі,   элементаў стафажу, якія “ажыўляюць” прастору краявіда,   надаюць асаблівую прыцягальнасць творам В.Шамшура. Кожны яго твор – гэта часцей за ўсё пошукі арыгінальнага кампазіцыйнага прыёму і каларыстычнай інтанацыі, жаданне выразіць шчырую ўлюбёнасць у непаўторную прыгажосць сваёй Радзімы.

Міхась Цыбульскі,

кандыдат мастацтвазнаўства, куратар выставы

20 жніўня 1942 – Вячаслаў Шамшур нарадзіўся ў в.Пціцкія Міёрскага раёна Віцебскай вобласці.

1962 – Скончыў Міёрскую сярэднюю вячэрнюю школу працоўнай моладзі.

1962-1965 –  Служыў у арміі.

1965-1970  – Студэнт мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава. Вучыўся ў Р. Клікушына, І. Сталярова, А. Гаўрушкі.

1970-1975  – Выкладчык мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педінстытута.

1975-1978 – Аспірант Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Займаўся графікай ў вячэрняй мастацкай студыі заслужанага дзеяча мастацтваў БССР          Я. Красоўскага.

1978 – Старшы выкладчык кафедры мастацкага канструявання і методыкі працоўнага навучання.

1980 – Абараніў дысертацыю з прысваеннем вучонай ступені кандыдата мастацтвазнаўства.

1984 – ВАК СССР прысвоена вучонае званне дацэнта.

1986 – Пачатак рэгулярнага ўдзелу ў мастацкіх выставах.

1986-2004 – загадчык кафедры методыкі             выкладання выяўленчага мастацтва Віцебскага педінстытута (з 2001 года – кафедры мастацтваў ВДУ імя П.М.Машерава).

1993 – Прысвоена вучонае званне прафесара. Прыняты ў сябры Беларускага саюза мастакоў. З 2004 – па цяперашні час - прафесар кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваі тэхнічнай графікі. Узнагароджаны  Ганаровай граматайМіністэрства асветы БССР (1982), Прысвоена званне “Выдатнік народнай асветы БССР”(1983),            адзначаны спецыяльным прызам Полацка-Віцебскай епархіі за лепшыя мастацкія творы, прысвечаныя духоўнаму адраджэнню асобы (1992).  Даследуе гісторыю беларускага мастацтва першай паловы ХХ стагоддзя, творчасць сучасных віцебскіх мастакоў. Аўтар манаграфіі “Празднества революции“, вучэбнага дапаможніка  “Лінарыт. Мастацтва і тэхніка”, раздзелаў у “Гісторыі беларускага мастацтва”,артыкулаў у “ЭЛіМБел”, навуковых часопісах, перыядычным друку.

Працуе ў розных тэхніках станковай графікіі жывапісе. Асноўныя працы выкананы ў тэхніцы лінагравюры, пастэлі і алейным жывапісе. Удзельнік вялікай колькасці пленэраў, сярод якіх міжнародны мастацкі пленэр “Усход-Захад” у г. Горліцэ (Польшча) (2000, 2004, 2011), рэспубліканскія пленэры, прысвечаныя У. Караткевічу (2005, 2017), Р. Барадуліну (2006), Н. Ордзе (2006) Я. Драздовічу (2007), В. Быкаву (2008, 2012, 2013), І. Хруцкаму (2008), Я. Баршчэўскаму (2009), Э. Плятэр (2010) і інш.

Выстава пастэлі і жывапісу Вячаслава Шамшура “ПАД БЛАКІТАМ НЯБЁСАЎ” працуе да 11 сакавіка 2018 года.

Русский
X