Выстава графічных і твораў Сяргея Кухто адбудзецца ў Мастацкім музее з 10 студзеня па 03 лютага 2019 года.
Жыццё і творчы лёс Сяргея Кухто змяшчаюцца ў некалькіх радках біяграфіі: нарадзіўся 22.4.1959 года ў Віцебску, у 1978 годзе скончыў Мінскую мастацкую вучэльню імя А. Глебава, дзе вучыўся ў М. Ф. Пракапенкі, К. Ф. Шастоўскага, А. А. Малішэўскага. Нягледзячы на тое, што з сярэдзіны 1990-х гадоў шмат творча працаваў, ў выставах удзельнічаў не часта. А 1.11.1999 Сяргея Кухто ўжо не стала...
Магчыма, першае ўзгадванне пра кентаўра сустракаецца ў лістах Сяргея Кухто, напісаных сваёй каханай ў 1979-1981 гг: “Хачу намаляваць кентаўра са сваім тварам і целам...”
Архетып кентаўра, які складаўся на працягу многіх стагоддзяў, мастак нібы то прымяраў на сябе, адчуваў блізасць і падабенства з гэтым персанажам. Здаецца ў асобе кентаўра, які на доўгія гады стане цэнтральным вобразам у творчасці Сяргея Кухто, яго асабліва прыцягвала дзіўнае спалучэнне звярынай натуры, магутнай сілы і накіроўваючай яе волі...
Мастак “перасяліў” свайго кентаўра з гор і лясных гушчароў грэчаскай Фесаліі, на віцебскую зямлю. Адзінота кентаўра відавочная і, разам з тым, нярэдка побач з ім вобраз яго спадарожніцы. Пераважная большасць жывапісных кампазіцый створана С. Кухто ў перыяд 1992-1999 гг. У кожнай працы мастак адштурхоўваўся ад натуры, шукаў патрэбны прататып. Зноў і зноў вяртаўся да сваіх палотнаў – нешта змяняў, папраўляў, дапісваў. Але многія палотны, на думку самога мастака, так і засталіся няскончанымі...
Адметная рыса кампазіцый Сяргея Кухто – асаблівая ўвага да дэталяў, касцюмаў персанажаў, карпатлівая праца над асобнымі элементамі карціны. Здаецца, ў творах няма нічога выпадковага – ўсё сур’ёзна прадумана і адточана з высокапрафесійнай адказнасцю.
Сяргей Кухто быў яскравым прадстаўніком набраўшага сілу напрыканцы ХХ стагоддзя ў сусветным, у тым ліку і беларускім мастацтве, пастмадэрнізму з яго спецыфічнай прыхільнасцю да нэаміфалагізма і асаблівай цікавасцю да стылістыкі гіперрэалізму.
Дадзеная персанальная выстава Сяргея Кухто прысвечана 60-годдзю з дня яго нараджэння і складаецца з твораў, якія з’яўляюцца ўласнасцю сям’і мастака, а таксама з кампазіцый са збору Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, прыватных калекцый.
Міхась Цыбульскі -
кандыдат мастацтвазнаўства,
куратар выставы.