Выстава "Гісторыя аднаго мястэчка"

Мастацкая выстава па выніках пленэра ў Лужках.

Годам малой радзімы вырашана абвясціць 2018 год у Беларусі.

Паняцце “малая радзіма” шматграннае: гэта родны горад, вуліца ў горадзе альбо невялікі дворык; родная вёска, дзе прайшлі лепшыя дзіцячыя гады; вобразы прыроды, якія цешаць вока напоўненасцю і спакоем і даруюць пачуццё любові і гонару за родны край. Паняцце “малая радзіма” гэта і гісторыя краю з ўсімі яе радаснымі і трагічнымі старонкамі.

Першай выставай у віцебскім Мастацкім музеі, прысвечанай Году  малой радзімы, з’яўляцца мастацкі праект “Гісторыя аднаго мястэчка”, які прадстаўляе творы віцебскіх мастакоў, напісаныя падчас  29-га  пленэру, праведзенага  культурна-асветніцкім  Цэнтрам імя Язэпа Драздовіча ў жніўні 2017г. ў мястэчку Лужкі Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці.

Маляўнічая прырода Лужкоў, багатая і цікавая гісторыя гэтага мястэчка заўжды  вабілі да сябе мастакоў і даследчыкаў. Лужкі ўпершыню ўзгаданы ў пісьмовых крыніцах ў 1519 годзе, у той час яны належалі роду Сапегаў. У 1745 годзе Лужкі атрымалі статус мястэчка, двойчы ў год тут праводзіліся кірмашы. З 1793 года Лужкі ў складзе Расійскай імперыі, дзе былі валасным цэнтрам Дзісенскага павета Мінскай, а з 1842 года Віленскай губерні. У 1862 годзе ў Лужках адкрыта земскае народнае вучылішча, ў мястэчку працавалі вадзяны млын, конная паштовая станцыя, малітоўны дом, народнае вучылішча, бровар, 14 крам. У 1901 годзе тут адкрылася царкоўна-прыходская школа. З 1921 па 1939 год Лужкі знаходзіліся ў складзе Польшчы, ў верасні 1939 года  ўвайшлі ў БССР. З гісторыяй мястэчка звязаны імёны многіх знакамітых людзей: гэта і граф Плятэр, які адыграў вялікую ролю ў эканамічным і культурным развіцці многіх беларускіх мястэчак; гэта і Язэп Драздовіч, яркая зорка беларускага мастацтва; гэта і знакамітая на ўвесь свет асоба Эліэзэра Бэн-Ягуды, мовазнаўцы, адрадзіўшага мову іўрыту.

Культурна-асветніцкім  Цэнтрам  імя Язэпа Драздовіча праведзена ўжо 29 мастацкіх пленэраў, кожны з якіх быў прысвечаны альбо нейкай знакавай падзеі, альбо нейкай знакавай асобе, але кожны з пленэраў ставіў сваёй мэтай як мага больш расказаць аб гісторыі Віцебшчыны, прыцягнуць увагу да яе культуры.

29-ты мастацкі пленэр ставіў мэтай адлюстраваць адну з самых трагічных старонак у гісторыі мястэчка Лужкі – тэму халакоста. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны габрэйскае насельніцтва Лужкоў складала больш паловы. У ліпені 1942 года гітлераўцы расстралялі амаль усіх, старых, маладых і нават немаўлятак. Свяціла яркае сонейка, зелянелі трава і дрэвы, а спевы птушак пераклікаліся з горкім плачам людзей, якіх зрабілі ахвярамі на іх роднай зямлі.

У мастацкіх творах з пленэру так жа зелянее прырода Лужкоў, пераклікаюцца народныя звычаі і традыцыі з беларускім і габрэйскім каларытам, і набатам гучыць напамін аб трагедыі сотняў габрэйскіх сем’яў. На пленэры на працягу тыдню працавалі мастакі з розных гарадоў Беларусі: Чэслаў Шамшур, Святлана Баранкоўская, Святлана Ўрублеўская з Віцебска, Інга Карашкевіч з Верхнядзвінска, Юрась Платонаў з Гомеля, Віктар Крук, Алесь Шыёнак з Шаркаўшчыны, Юля Пятрашка, Святлана Забаўская з Лужак, Наталля Каржыцкая з Наваполацку, Кацярына Мяснікова з Полацку, Алесь Саўчанка з Лепеля, Ігар Марачкін з Мінска.

На выставе прадстаўлена 35 мастацкіх твораў 15 аўтараў: І. Марачкін, С. Урублеўская, Н. Каржыцкая, В.Крук, Ю. Петрашка, С. Забаўская, М. Ляўковіч, А.Яўсееў, А. Шыёнак, В. Шамшур, У. Вальноў, К. Мяснікова, А. Саўчанка, А. Скавародка, С. Забаўская. Выстава “ГІСТОРЫЯ АДНАГО МЯСТЭЧКА” працуе да 11 сакавіка 2018 года.

 

Русский
X