Выстава А.Карпан "Iмгненнi"

Гэта выстава, нібы-то дзіўны калейдаскоп застыўшых у часе цудоўных, шчаслівых і непаўторных імгненняў творчасці выдатнага майстра акварэлі. Увасобленыя ў чаруючых сваёй вытанчанасцю і прафесіяналізмам работах гэтыя імгненні дазваляюць дакрануцца да сапраўды ўнікальнай з’явы ў гісторыі: віцебскай акварэльнай школы. Без перабольшванняў, Аляксандр Карпан – яе гонар, адзін з самых таленавітых беларускіх акварэлістаў канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя. І творы гэтага мастака таму выдатнае падцвярджэнне.

Аляксандр Карпан нарадзіўся 6 лістапада 1953 года ў г. Стараканстанцінаў (Украіна). У 1979 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава, дзе вучыўся ў выдатных майстроў графікі і акварэлі – І.М. Сталярова і А.І. Мемуса.

З 1979 па 2014 гг. Аляксандр Карпан выкладаў малюнак, жывапіс і кампазіцыю на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. Ён быў адным з самых паважаных педагогаў па мастацтву, сапраўдным прафесіяналам сваёй справы. З 1991 года з'яўляўся сябрам Беларускага саюза мастакоў. Вялікую ролю ў творчасці А.Карпана, па яго прызнанні, мелі стажыроўкі ў Маскоўскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя У.І. Леніна ў К.М. Максімава і М.М. Растоўцава. А таксама ў Акадэміі мастацтваў Санкт-Пецярбурга ў Д.І Волкавай. і М.М.Герасімава

Як мастак Аляксандр Карпан сфармаваўся напачатку 1980-х гадоў, абраўшы ў якасці асноўных творчых арыенціраў прынцыпы рэалістычнага, фігуратыўнага жывапісу і пачуццё гармоніі. Здаецца, ніколі ў жыцці ён не імкнуўся пераймаць чужыя манеры пісьма, быў шчыры, але пры тым з асаблівай павагай адносіўся да самых розных стыляў, эксперыментаў, шматграннага сусветнага мастацкага вопыту. Пры ўсёй сур’ёзнасці стаўлення да мастацтва ён пісаў свае акварэлі неяк надзвычай лёгка, здавалася, што неўтаймаваная стыхія адной з найбольш складаных тэхнік жывапісу была для яго зразумелай і цалкам яму падуладнай. Аднолькава таленавіта Аляксандр Карпан працаваў у розных жанрах, хоць і аддаваў перавагу нацюрморту, пейзажу і партрэту. Творы мастака адрозніваюць падкрэсленая глыбіня вобразнасці, высокае майстэрства выканання і, канешне ж, непаўторна індывідуальная стылістыка.

Пачынаючы з 1979 года, Аляксандр Карпан з'яўляўся актыўным удзельнікам абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выстаў, міжнародных і рэспубліканскіх пленэраў, прысвечаных І. Хруцкаму, С. Заранцы, Я. Драздовічу, І. Сікоры, В. Быкаву і Р. Барадуліну. За апошнія два дзесяцігоддзя А. Карпан атрымаў прызнанне і найвышэйшыя адзнакі прафесіяналаў і гледачоў на буйных міжнародных акварэльных біенале ў Каўнасе (Літва), Шэньжэне (КНР), Санкт-Пецярбургу і Петразаводску (Расія), Віцебску і Полацку (Беларусь). Мастак неаднаразова праводзіў майстар-класы ў Віцебску, Мінску, у Цэнтры Марка Ротка ў г. Даўгаўпілсе (Латвія) у он-лайн прасторы.

За гады сваёй працы на кафедры выяўленчага мастацтва Аляксандр Карпан падрыхтаваў вялікую колькасць вучняў, многія з якіх сталі яркімі творчымі індывідуальнасцямі і сёння вядомыя не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Творчая дзейнасць А. Карпана адзначана граматай Міністра культуры Рэспублікі Беларусь, граматамі Беларускага саюза мастакоў, ён неаднаразова ўзнагароджваўся дыпломамі і быў уганараваны званнем лаўрэата на міжнародных выставах-конкурсах акварэлі. Мастак узнагароджаны юбілейным медалём Таварыства акварэлістаў Санкт-Пецярбурга. Сярод апошніх дасягненняў мастака – прэмія гарадской думы горада Ліепая, атрыманая ім літаральна за месяц да смерці па выніках удзелу ў міжнародным пленэры "Ліепайская марына - 2016".

Творы Аляксандра Карпана захоўваюцца ў зборах Полацкага гісторыка- архітэктурнага музея-запаведніка, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, аддзела культуры г. Нінбурга (Германія), аддзела культуры г. Вецлара (Германія), Саюза мастакоў г. Брэмена (Германія), Таварыства беларуска-нямецкага сяброўства г. Куксхафэна (Германія), а таксама ў прыватных калекцыях Аўстрыі, Англіі, Беларусі, Бельгіі, Германіі, Грэцыі, ЗША, Ізраілю, Італіі, Ірландыі, Канады, Кітая, Латвіі, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Чэхіі і Эстоніі.

 

Міхась Цыбульскі, кандыдат мастацтвазнаўства, куратар выставы.

Русский
X