Выстава “Ад матчынага парога".

Выставачны праект «Ад матчынага парога…» прадстаўляе выніковыя матэрыялы мастацкага пленэру, які адбыўся ў гарадку Ушачы Віцебскай вобласці ў ліпені 2015 года. Яго арганізатарам з’яўляецца культурна-асветніцкі Цэнтр імя Язэпа Драздовіча. Такія пленэры ўжо сталі добрай традыцыяй на Віцебшчыне і праводзяцца штогод, пачынаючы з сярэдзіны 1990-х гадоў, у мясцінах, звязаных з імёнамі знакамітых землякоў: Яна Баршчэўскага, Язэпа Драздовіча, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча і іншых. “Пленэр” паходзіць ад французскіх слоў «plein air», пераклад якіх гучыць так: «На адкрытым паветры» альбо «Шмат паветра». Пад гэтым разумеецца стварэнне ўзораў выяўленчага мастацтва ў натуральных прыродных умовах. Родапачынальнікамі напрамку “Пленэр у жывапісе” з’яўляюцца англійскія мастакі пачатку XIX ст. Д.Канстэбль і Р.П.Банінгтон. Асновай пленэрызму з’яўляецца ўспрыманне света і паветра ў якасці самастойнага аб’екта на карціне. Пры гэтым сам прадмет да канца не прамалёўваецца. Поспех мастака-пленэрыста залежыць ад узроўню яго яднання з прыродай. Да ўзроўню паўнацэнных твораў мастацтва эцюд, выкананы на пленэры, узнялі імпрэсіяністы. На Віцебшчыне праходзіць шмат розных пленэраў. Кожны год жывапісцы з усёй Беларусі з’язджаюцца на Віцебшчыну каб прыняць удзел у Драздовіцкіх пленэрах, каб натхніцца непаўторнымі пейзажамі нашай радзімы.

Мастацкі пленэр 2015 года ўжо 23-ці па ліку. Ён быў прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння беларускага пісьменніка Рыгора Барадуліна і праходзіў на яго малой радзіме на Ушаччыне.

Рыгор Іванавіч Барадулін (24 лютага 1935, Верасоўка, Ушацкі раён, цяпер Віцебская вобласць — 2 сакавіка 2014, Мінск, Беларусь) — беларускі паэт, эсэіст, перакладчык. Народны паэт Беларусі (1992). Нарадзіўся на хутары Верасоўка ва Ушацкім раёне (цяпер вёска Гарадок). У 1937 годзе хутар быў ліквідаваны, і сям’ю паэта перасялілі ва Ушачы. Падчас Вялікай Айчыннай вайны бацька паэта быў у партызанскім атрадзе, у 1944 годзе загінуў. Пасля заканчэння Ушацкай сярэдняй школы Р.Барадулін навучаўся на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта ў Мінску (1954-1959). Пазней працаваў рэдактарам у розных пэрыядычных выданнях (газета «Советская Белоруссия», часопісы «Бярозка», «Полымя»), а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура». У выдавецтве «Мастацкая літаратура» працаваў больш за 20 гадоў, працаваў рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984). У 1992 годзе атрымаў званне Народны паэт Беларусі. Сярод іншых узнагарод: прэмія імя Я.Купалы (1976), ордэн Дружбы Народаў, ордэн «Знак Пашаны», медаль Ф.Скарыны. Першыя ягоныя вершы былі апублікаваныя ў 1953 годзе ў газеце “Чырвоная змена”, першы зборнік вершаў выйшаў у 1959 годзе. Усяго выдана каля 70 зборнікаў яго паэзіі, крытычных артыкулаў, эссэ, перакладаў. Двойчы выдаваліся кнігі выбраных вершаў паэта (1984, 19962002). Выйшаў 4-х томны збор твораў Р.Барадуліна. Р.Барадуліну належыць і значная колькасць вершаваных перакладаў на беларускую мову, у тым ліку «Слова аб палку Ігаравым» (1986), кніг Федэрыка Гарсія Лоркі («Блакітны звон Гранады», 1975), «Рубаі» Амара Хайяма, твораў Неруды, Міцкевіча, Ясеніна і інш. Летам 2006 года выйшла кніга выбраных вершаў Барадуліна «Руны Перуновы». 2 сакавіка 2014 года, ва ўзросце 79 гадоў, Рыгора Барадуліна не стала. Развітальная паніхіда прайшла ў Мінску ў Касцёле Святых Сымона і Алены 4 сакавіка 2014 года. Пахаваны Рыгор Барадулін па яго запавету на Ушацкіх могілках у Віцебскай вобласці побач з яго маці. Паэт з’яўляецца Ганаровым грамадзянінам Ушацкага раёна.

Мастацкія пленэры Цэнтра імя Я.Драздовіча прысвячаліся Рыгору Барадуліну двойчы. На першым у 2009 годзе прысутнічаў сам пісьменнік. Мастакі тады жылі ў Бычках, роднай вёсцы Васіля Быкава, і прыязджалі ва Ушачы, каб сустрэцца з Р.Барадуліным. А гэтым разам мастакі сабраліся ўжо ў памяць беларускага класіка. Хоць для кагосьці са старэйшага пакалення ён быў проста сябрам ці добрым знаёмцам. І на самым пачатку пленэра першае, што супольна зрабілі мастакі, — гэта наведалі магілу Рыгора Барадуліна на тутэйшых могілках.

23-ці мастацкі пленэр праходзіў з 30 ліпеня па 10 жніўня 2015 года. З 30 яго ўдзельнікаў 12 з’яўляюцца маладымі мастакамі, але ўжо даволі вядомымі ў мастацкім асяродку Беларусі. Віцебск, Полацк, Лепель, Докшыцы, Верхнядзвінск, і нават Кітай - геаграфія мастакоў. Кацярына Мяснікава, Паліна Амірханава, Зміцер Буглак, Ігар Саўчанка, Васіль Пешкун, Крысціна Шчэрбак, Алена Ігнацьева, Аляксандр Саўчанка, Сян Шао, Элеанора Данусевіч, Яўген Маглыш, Інга Карашкевіч, Маша Пешкун працавалі пад пільным наглядам і з добрымі парадамі Чэслава Шамшура, Георгія Ліхтаровіча, Алеся Марачкіна і Святланы Баранкоўскай. Арганізатаркай і маці пленэру традыцыйна заставалася Ада Эльеўна Райчонак. Агульнай мэтай удзельнікаў было жаданне стварыць мастацкі ўспамін пра мясціны, дарагія Рыгору Барадуліну і каб пленер паклаў пачатак музею паэта Рыгора Барадуліна,

Асноўным месцам пленэрнай працы была сядзіба маці паэта, яго родны дом. Мастакі не проста выкарыстоўвалі падворак ягонай хаты як пляцоўку для творчасці ў зацені яблыневага саду. Яны пакасілі траву, падрамантавалі хляўчук, вывесілі сушыцца дываны з хаты, у якую дзядзька Рыгор ужо і не прыязджаў апошнімі гадамі, бо не дазваляла здароўе. Частка мастакоў пасялілася ў хаце — хто ў вялікім агульным пакоі, хто ў малым пакойчыку на паддашку. Самыя адданыя аматары прыроднага адпачынку расставілі намёты ў садзе. Абед і вячэра былі супольныя. На іх прыходзілі і жыхары суседніх дамоў. Удзельнікі і арганізатары пленэра выказваюць вялікую ўдзячнасць Валянціне Міхайлаўне, жонцы Рыгора Барадуліна, якая не толькі мужна трывала нашэсце мастакоў і гасцей, але і прымала актыўны ўдзел у жыцці летніка. Яна вучыла спяваць вушацкія песні, танчыць вушацкія танцы, гатаваць прысмакі, якія так падабаліся ў свой час дзядзьку Рыгору. Адчуванне ягонай прысутнасці было настолькі моцным, што нават адзіны мастак з Кітаю пачаў размаўляць беларускай мовай.

А на месцы, дзе Паэт сустракаў гасцей, сам сабой прабіўся маленькі дубок. Пазней знайшлі і абгарадзілі яшчэ некалькі дубкоў. Можа калісці, калі старыя яблыні ў садзе Барадуліных спарахнеюць, там вырасце алея з моцных дубоў.

Па выніках пленэру першая выстава была традыцыйна паказана жыхарам горада Ушачы. 114 творчых прац пад адкрытым небам на вуліцы Школьнай, дзе знаходзіцца родны дом Рыгора Барадуліна, уразілі жыхароў горада. Мінімум па аднаму твору ад кожнага аўтара будзе падорана будучаму музею Паэта (улады г.Ушачы далі згоду на заснаванне такога музея ў матчынай хаце Р.Барадуліна).

 

Выстава “Ад матчынага парога. Да дня нараджэння Рыгора Барадуліна” складаецца з двух частак: першая - уласна пленэрныя працы і мастацкія творы, зробленыя па выніках пленэра; другая - творы са збораў самога Р.Барадуліна, з ласкавай згоды яго ўдавы, Валянціны Міхайлаўны Барадулінай, перададзеныя для перасоўнай выставы-музея, кансервацыі і далейшай перадачы іх у зборы музея.

Русский
X