Мастацка-дакументальны праект "65 год"

ВЫСТАВАЧНЫ ПРАЕКТ ПРЫСВЕЧАНЫ 65-ГОДДЗЮ ВІЦЕБСКАЙ АБЛАСНОЙ АРГАНІЗАЦЫІ БЕЛАРУСКАГА САЮЗА МАСТАКОЎ.

У цудоўным і неспасцігальным свеце Мастацтва асоба Творцы – адзінокая па прызначэнні. Адзінота з'яўляецца своеасаблівай «формулай» існавання Мастака, прыкметай яго індывідуальнай самабытнасці, важнай умовай рэалізацыі творчай свабоды. Нягледзячы на гэта, на працягу ўсёй шматвяковай гісторыі развіцця мастацтва творцы, нібыта планеты адной галактыкі, імкнуліся і імкнуцца адзін да аднаго, ствараючы цэхі і карпарацыі, брацтвы і арцелі, асацыяцыі і таварыствы, гурткі і студыі, саюзы і суполкі. Адным з самых значных у гісторыі Беларусі творчых аб’яднанняў з’яўляецца Беларускі Саюз мастакоў. У сузор'і мастацтваў, якое ў апошнія дзесяцігоддзі стала сапраўднай візітнай карткай культурнага жыцця Віцебска, выяўленчае мастацтва займае адно з цэнтральных месцаў. Шматлікія фестывалі і мастацкія акцыі, пленэры і выстаўкі - усё гэта было б проста немагчыма без актыўнай і часта вядучай ролі ВІЦЕБСКАЙ АБЛАСНОЙ АРГАНІЗАЦЫІ БЕЛАРУСКАГА САЮЗА МАСТАКОЎ.

У РАМКАХ ПРАЕКТА “ДА 65-годдзя ВІЦЕБСКАЙ АРГАНІЗАЦЫІ БЕЛАРУСКАГА САЮЗА МАСТАКОЎ” віцебскі Мастацкі музей прадстаўляе дзве выставы: «ЛЯ ВЫТОКАЎ” (зала №35, 3-ці паверх) і  “САЮЗ ТВОРЦАЎ” (экспазіцыйная прастора хола 2-га паверха).

На выставе “Ля вытокаў” прадстаўлены творы мастакоў, якія сталі сябрамі Саюза мастакоў у 1945-1975 гг. і іх імёны з’яўляюцца ўжо сапраўднай класікай беларускай культуры: Каржанеўскі А.С. (1945), Дзежыц В.К. (1946), Явіч П.М. (1949), Нікалаеў Я.Дз. (1953), Кухараў У.І. (1953), Клікушын Р.П. (1958), Тоўкач А.І. (1964), Кузьмічоў Б.М. (1965), Ральцэвіч В.І. (1965), Салаўёў А.А. (1966), Сталяроў І.М. (1967), Гумен Ф.Ф. (1967), Бароўскі І.Ю. (1967), Ціханенка В.Е. (1967), Шутаў Г.Ф. (1967), Красоўскі Я.К. (1969), Міхайлаў М.Д. (1969), Арлоў А.Р. (1972), Ільіноў А.У. (1972), Някрасаў А.В. (1972), Ясвін Я.С. (1972), Лук’янаў В.М. (1973), Тарасян А.Н. (1973), Ляховіч В.А. (1974). На выставе “Саюз творцаў” прадстаўлены творы мастакоў, якія сталі сябрамі Саюза мастакоў у 1975-1990 гг., так званае “залатое пакаленне” сучаснай віцебскай мастацкай школы: Вітко У.І. (1975),  Воранава Л.П. (1975), Кісялёў Г.П. (1978), Вальноў У.М. (1979), Бабаедаў І.Ц. (1981), Малей А.В. (1982), Образаў  М.Ф. (1984), Гвоздзікаў А.М. (1985), Кавалёў А.Ф. (1985), Слепаў А.М. (1985), Шылко В.А. (1986), Зуеў Ю.П. (1987), Мядзвецкі В.А. (1987), Кавальчук В.В. (1987), Кавальчук Л.М. (1987), Лебедзеў Г.П. (1987), Шыёнак А.С. (1988), Анцімонаў Л.С. (1988), Бяляўскі В.М. (1988), Іваноў У.У. (1988), Баранаў  Ю.А. (1988), Казак І.У. (1988), Скавародка А.А. (1988), Панамарэнка Я.Г. (1989), Драненка М.А. (1989), Чарняк Ю.С. (1989), Шапо У.Дз. (1989), Андросаў В.А. (1990), Дасужаў А.І. (1990), Таранда М.І. (1990), Напрэенка У.П. (1990), Рудэнка Т.А. (1990), Рудэнка Ю.В. (1990), Лісіца І.І. (1990), Цімохаў С.А. (1990).

Мастацтва, як і культура ў цэлым, - выдатны паказчык унутранага стану грамадства, яго духоўнага патэнцыялу. Выяўленчае мастацтва на Віцебшчыне мае пад сабой моцны і трывалы грунт, якому ўжо шмат дзесяцігоддзяў. На Віцебшчыне рух па аб'яднанні мастакоў у творчыя суполкі мае сваю ўласную гісторыю. А пачыналася яна ў Віцебску, ярка і гучна, у першай палове XX стагоддзя. Гэта быў час найвышэйшага росквіту творчых аб'яднанняў ва ўсім мастацкім свеце. У 1919 годзе К.Малевіч і яго вучні стварылі аб'яднанне, якое атрымала назву “УНОВИС (утвердители нового искусства)”.  Дзейнасць гэтай сусветна вядомай арганізацыі мастакоў у Віцебску засталася ў гісторыі як выдатны ўзор творчага яднання аднадумцаў, якія скіравалі дзейнасць свайго аб'яднання на творчы эксперымент, на пошукі новых шляхоў у мастацтве. Прыкладам іншай ідэйнай платформы ў яднанні творцаў стала створанае ў пачатку 1927 года  Усебеларускае аб'яднанне мастакоў, філіял якога існаваў у Віцебску. Мэтай кансалідацыі мастацкіх сіл у гэтай арганізацыі было садзейнічанне развіццю «нацыянальнага па форме і пралетарскага па зместу» беларускага мастацтва. У стварэнні Саюза мастакоў у Беларусі (Саюза савецкіх мастакоў БССР) актыўны ўдзел прымалі выхаванцы віцебскай мастацкай школы. Дзякуючы іх актыўнай арганізатарскай і творчай дзейнасці закладаліся асновы творчага саюза мастакоў у нашай краіне, ствараліся яго абласныя арганізацыі.         

Ужо на Першым з'ездзе мастакоў БССР у снежні 1938 года абмяркоўвалася пытанне аб стварэнні рэгіянальных арганізацый, але яго практычнаму ўвасабленню перашкодзіла вайна. Аднак адразу пасля вайны працягнулася развіццё гэтай ініцыятывы. У 1945 годзе ў Віцебск прыехаў сябра Саюза мастакоў А.Каржанеўскі, у 1946-м у склад творчай арганізацыі быў прыняты віцебскі мастак В.Дзежыц, а ў 1949-м да іх далучыўся П.Явіч, які ў 1952 годзе атрымаў паўнамоцтвы на арганізацыю ў Віцебскай вобласці самастойнага аддзялення, якое пазней, у 1970 годзе,  ператварылася ў абласную арганізацыю Саюза мастакоў БССР.

Больш як паўвекавая гісторыя аддзяляе нас ад тых часоў, калі колькасць мастакоў у Віцебску вызначалася адзінкамі. Сёння ВІЦЕБСКАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ БЕЛАРУСКАГА САЮЗА МАСТАКОЎ аб’ядноўвае ў сваіх радах 106 мастакоў. Гэтым творчым аб’яднаннем пройдзены шлях, які немагчыма ўкласці ў некалькі сціплых старонак тэксту. Гэта сапраўды славутая гісторыя развіцця выяўленчага мастацтва на Віцебшчыне. I славутая яна не толькі значнымі падзеямі, выдатнымі мастацкімі выстаўкамі, творчымі вечарынамі, пленэрамі, але перш за ўсё імёнамі творцаў, якія сваёй самаадданай працай вызначалі шляхі развіцця выяўленчага мастацтва, у той ці іншай ступені развівалі мастацкія традыцыі мінулага і закладвалі новыя. Многія з гэтых мастакоў і сёння сваёй шчырасцю і апантанасцю, усім укладам свайго жыцця ў мастацтве паказваюць выдатны прыклад наступным пакаленням.

У рамках мастацка-дакументальнага праекта“ДА 65-годдзя ВІЦЕБСКАЙ АРГАНІЗАЦЫІ БЕЛАРУСКАГА САЮЗА МАСТАКОЎ” прадстаўлена 84  мастацкіх твораў 58 аўтараў. Вытокі творчасці многіх сусветна вядомых мастакоў - у Віцебску. І сёння не губляецца гістарычная пераемнасць пакаленняў, а новае кола творцаў годна працягвае традыцыі славутай віцебскай мастацкай школы, у рэчышчы якой былі і прадстаўнікі авангардных плыняў, і прыхільнікі традыцыйнага мастацтва. Творы большасці мастакоў, прадстаўленыя ў гэтым выставачным праекце,  ужо таксама зрабіліся здабыткамі не толькі айчыннай, але і агульнаеўрапейскай культуры. Яны прыносяць радасць гледачам, кранаюць сваёй шчырасцю і майстэрствам.

Русский
X