Выставка "Вiбрацыi матэрыялу". Эксперыментальны тэкстыль Латвii

 

     Латвійская асацыяцыя тэкстыльнага мастацтва выставай “Вібрацыі матэрыялаў” адзначае сваё 20-годдзе. Гэты час для нас напоўнены незлічонай колькасцю выстаў, творчымі пошукамі, бурнымі дыскусіямі, блізкімі і далёкімі вандраваннямі, агульнымі стараннямі і адзінотай у цішы майстэрні. У 1995 годзе пры змене дзяржаўнай структуры значныя змены кранулі і мастакоў, якім давялося шукаць іншыя формы існавання і дзейнасці.

     У аснове дзейнасці Асацыяцыі тэкстыльнага мастацтва ляжаць дэмакратычныя прынцыпы - у гэтай арганізацыі аб'яднаны прафесійныя мастакі ўсіх пакаленняў і студэнты, якія вывучаюць мастацтва, з мэтай правядзення выстаў, абмену інфармацыяй, падтрымання творчага асяроддзя і таго пачуцця локця, якое час ад часу неабходна кожнаму, Адзін з найважных прынцыпаў дзейнасці Асацыяцыі - правядзенне штогадовых выстаў, якія даюць магчымасць паказаць публіцы новыя працы, а самім мастакам - сустрэцца, ацаніць здзяйсненні калегаў, убачыць свае творы ў агульным кантэксце. Дэмакратыя не павінна перамагчы прафесіяналізм, а таму ў выстаў ёсць журы, у склад якога ўваходзяць некаторыя мастакі па тэкстылі разам з запрошанымі мастацтвазнаўцамі і мастакамі з іншых галін творчасці.

     У аснове гэтай экспазіцыі - працы, створаныя мастакамі да юбілейнай выставы Латвійскай асацыяцыі тэкстыльнага мастацтва, што адбылася ў выставачнай зале Саюза мастакоў у Рызе. Назвай выставы “Вібрацыі матэрыялаў” мы паспрабавалі дапамагчы гледачам атрымаць імпульс для спасціжэння розных канцэпцый, мадыфікацый матэрыялаў і тэхнік. Аўтары розных пакаленняў - ад першых выпускнікоў аддзялення мастацтва тэкстылю Латвійскай акадэміі мастацтваў, да студэнтаў малодшых курсаў - знаёмяць з найбольш актуальнымі ідэямі, паказваюць сваё бачанне свету ў шырокім тэматычным спектры, выкарыстоўваючы разнастайныя матэрыялы і тэхнікі. Тэкстыль, як і мова, яскрава характарызуе нацыю, выяўляе яе каштоўнасці, досвед і светаадчуванне. Латвійскія мастакі па тэкстылі распавядаюць свае гісторыі беларускім гледачам.

Іева Круміня,

прафесар Латвійскай акадэміі мастацтваў, загадчык кафедры мастацтва тэкстылю,

куратар выставы

 

Русский
X