Выставка "Невядомы Міхаіл Савіцкі"

Да Дня Перамогі віцебскі Мастацкі музей прадстаўляе выставу твораў знакамітага беларускага мастака,

ураджэнца Віцебшчыны Міхаіла Андрэевіча Савіцкага

(18.02.1922, в. Звенячы Талачынскага раёна Віцебскай вобласці - 08.11.2010, г.Мінск), Героя Беларусі, Народнага мастака Беларусі і СССР, ганаровага грамадзяніна горада Мінска, лаўрэата Дзяржаўнай  прэміі СССР (1973), двух Дзяржаўных  прэмій Беларускай ССР (1970, 1980), Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1996), першага кавалера ордэна Францыска Скарыны (1997).

Выстава прысвечана 95‑годдзю з дня нараджэння мастака,

а творы на яе прадстаўлены Музеем гісторыі горада Мінска (31 работа).

Творчасць М.А. Савіцкага — адна з самых характэрных з’яў у мастацтве і гісторыі нашага часу, яна адлюстравала цэлую эпоху ў нацыянальным мастацтве.

М.А. Савіцкі - удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У лістападзе 1941 года на працягу ўсіх 250 дзён прыймаў удзел у абароне Севастопаля. У 1942 г. у раёне Херсанеса папаў у палон, да красавіка 1945 года зведаў усе жудасці гітлераўскіх канцэнтрацыйных лагераў Дзюсельдорфа, Бухенвальда, Дахау. Мастацкую адукацыю атрымаў у Мінскім мастацкім вучылішчы імя А.К. Глебава, у Маскоўскім мастацкім інстытуце імя В.І. Сурыкава. Грамадзянская пазіцыя мастака праявілася ўжо ў работах канца 1950-х – пач. 1960-х гадоў, якія паказвалі веліч чалавека і яго паўсядзённых спраў на мірнай зямлі. Міхаіл Савіцкі праславіўся сваімі работамі на ваенную тэматыку. У аснове яго твораў – асабістыя ўражанні. Створанай у 1963 годзе карцінай "Партызаны" мастак адразу заявіў аб сабе як таленавіты майстар “суровага стылю". У 1967 гозе на Усесаюзнай выставе М. Савіцкі прадставіў «Партызанскую мадону». Гэта карціна, а таксама пазнейшая «Партызанская мадона Мінская» (1978), прынесла мастаку ўсенародную вядомасць. Яна экспанавалася на многіх міжнародных выставах, рэпрадукцыі з «Партызанскай мадоны» друкаваліся тысячамі экзэмпляраў. Карціна стала сапраўдным народным здабыткам. «Партызанская мадона» была прызнана крытыкамі шэдэўрам і набыта Траццякоўскай галерэяй. 16 палотнаў Міхаіла Савіцкага з серыі "Лічбы на сэрцы" (1974-1980), аб жудасцях канцлагераў, з’ява, якая не мае аналагаў у мастацтве па складанасці і маштабнасці вырашэння мастацкіх задач. Шырока вядомы і такія творы як "Віцебскія вароты" (1967), "Поле" (1974), "Плач па загінуўшых героях” (1974). Ваенная тэма - вядучая, але не адзіная ў творчасці М. Савіцкага: цыкл «Чорная быль», прысвечаны аварыі на Чарнобыльскай АЭС; біблейская серыя, гэта гістарычныя карціны, якія адлюстроўваюць вечныя агульначалавечыя каштоўнаці духоўнага быцця. Міхаіл Савіцкі вядомы і як выдатны партрэтыст. Сярод яго партрэтных работ: "Жаночы партрэт" (1966), "Янка Купала" (1979), "Пушкін і Ганчарова" (1986), "Дастаеўскі" (1988). У 2000-2002 гг. мастаком створана серыя партрэтаў прэзідэнтаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

На выставе “Невядомы Міхаіл Савіцкі” прадстаўлены ўнікальныя жывапісныя і графічныя работы, кніжная ілюстрацыя славутага мастака з фондавых калекцый Музея гісторыі горада Мінска. Многія з прадстаўленых работ экспануюцца ўпершыню і яшчэ шырэй раскрываюць шматгранны геній М.А. Савіцкага.

Міхаіл Андрэевіч найперш вядомы як майстар сацрэалізму, стваральнік такіх маштабных цыклаў, як "Беларусь партызанская", "Лічбы на сэрцы", "Чорная быль", "Запаведзі блажэнства", аўтар "Партызанскай мадоны" паўстае перад наведвальнікам выстаўкі ў новым абліччы. Мала хто ведае такую грань яго таленту як майстэрства кніжнага ілюстратара. У 1960-я гг. М.А. Савіцкі зрабіў шэраг малюнкаў на творы беларускіх пісьменнікаў для часопіса "Маладосць". Выстаўка знаёміць з ілюстрацыямі да аповесці "Трэцяя ракета" Васіля Быкава, дакументальнай аповесці пра Веру Харужую "Сэрца інакш не можа" Івана Новікава, рамана "Чакай у далёкіх Грынях" Івана Пташнікава.

Асабліва кранальнай старонкай творчасці М.А. Савіцкага з'яўляецца праца па афармленні дзіцячых кніжак. Паклоннікам творчасці мастака амаль не вядомы яго графічныя творы. Сапраўдным адкрыццём выстаўкі можна лічыць студэнцкія работы Міхаіла Савіцкага, зробленыя ў часы вучобы ў Мастацкім інстытуце імя В.І. Сурыкава ў Маскве. Дзяўчына-натуршчыца сур'ёзна пазірае на гледача з далёкіх 1950-х гг. і не здагадваецца пра тое, што малады майстар за мальбертам - будучы народны мастак СССР і Беларусі. Тонкія лініі, геніяльнае пачуццё святла і ценяў, амаль фатаграфічная дакладнасць алоўка Міхаіла Савіцкага сведчаць пра талент выдатнага графіка.

Для творчасці Міхаіла Андрэевіча здаюцца зусім нетыповымі пейзажныя творы. У экспазіцыі прадстаўлены жывапісныя краявіды "ранняга" Савіцкага, напоўненыя сонечным святлом, зелянінай травы, яркімі фарбамі кветак, сасновым водарам высокага берага ракі. Упершыню ў Віцебску будзе экспанавацца “позні” пейзаж “Звенячы. Від з вакна”. Мастак напісаў гэты твор, успамінаючы сваё дзяцінства, якое прайшло ў весцы Звенячы Талачынскагага раёна. Цеплыя пачуцці да Віцебшчыны М. Савіцкі захаваў на ўсе жыццё.

Русский
X