Выстава. Жывапiс. Мiкалай Драненка.

Мікалай ДРАНЕНКА нарадзіўся 3 жніўня 1946 ў в. Маргойцы Сенненскога раёна Віцебскай вобласці. Вучыўся ў Беліцкай сярэдняй школе (1953-1964). З 1964 па 1969 - студэнт мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (цяпер Віцебскі дзяржаўны універсітэт). Сярод выкладчыкаў малюнка і жывапісу

 Я. К. Красоўскі, I. М. Сталяроў, А. В. Гаўрушка

У 1969-1977 гг. - працаваў мастаком-афарміцелям у Віцебскім аўтамотаклубе ДТСААФ.

У 1977 - паступіў на працу ў Віцебскія мастацка-вытворчыя майстэрні.

З 1979 па 1982 - галоўны мастак Віцебскіх мастацка-вытворчых майстэрняў Мастацкага   Фонда БССР

У 1989 г. - прыняты ў Саюз Мастакоў СССР. (Цяпер Беларускі Саюз мастакоў)

1990 - Ганаровы член люблінскога таварыства сяброў мастацтва

1991 - Кіраўнік творчай майстэрні СМ РБ

У 1995 г. прыняў удзел у стварэнні і стаў сябрам творчай суполкі "Віцебская акварэль"

 2004 - Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага Саюза мастакоў

  З’яўляўся дэлегатам шэрагу з 'ездаў мастакоў Рэспублікі Беларусь. Мінск (XIII, XIV, XV).

Пра папулярнасць гэтага мастака і яго даволі багаты творчы вопыт яскрава сведчаць больш за два дзесятка персанальных выстаў і велізарны пералік міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх праектаў, у якіх Мікалай Драненка прымаў удзел. У кожнай з выстаў ён заўжды імкнуўся уразіць, здзівіць гледача нейкімі арыгінальнымі і навацыйнымі кампазіцыйнымі прыёмамі, неардынарна убачанымі і інтэрпрэтаванымі падзеямі і  вобразамі. Сапраўды, жывапісныя творы Мікалая Драненкі вылучаюцца адметнай індывідуальнай манерай. Уласцівае гэтаму мастаку экспрэсіяністычнае бачанне рэальнасці ў яго кампазіцыях праяўляецца ў дынамічных мадуляцыях рытмаў і колераў, змацыянальнай архітэктанічнай напружанасці вобраза. А яшчэ ў асаблівай прыхільнасці мастака да эксперымента і свабоднага выкарыстання  разнастайных выяўленчых прыёмаў, тэхнік і тэхналогій. Менавіта таму яго творы глядзяцца своеасаблівымі аранжыроўкамі рэальнай прасторы і часу ў якіх пануе дух гульні і свабоды. Праца з натуры, ці ўражанні ад яе, заўсёды вызначалі асноўныя кампазіцыйна-вобразныя рысы твораў Мікалая Драненкі. Нярэдка прыродныя матывы ў яго творах набываюць набывалі сюжэтна-вобразную інтэрпрэтацыю і афарбаваны ўзнёслымі рамантычнымі пачуццямі. Адметнае месца ў творчасці займаюць пяшчотныя краявіды яго малой радзімы і, безумоўна, самыя разнастайныя па настрою, пейзажы Віцебска. Пачынаючы з 1970-х гадоў мастак асаблівую ўвагу надае жывапісна-пластычнай выразнасці сваіх твораў, шмат эксперыментуе. Але сапраўднае раскрыццё яго творчага патэнцыялу адбываецца ў канцы 80-х гадоў і звязана з жаданнем мастака вызваліцца з-пад неабмежаванага ўплыву натуры і, нават, абстрагавацца ад яе. У працах мастака з'яўляецца тая вольнасць і раскаванасць, якая стане характэрнай для яго сталай манеры. Шырокае кола мастацкіх інтарэсаў і захапленняў Мікалая Драненкі добрае сведчанне не толькі яго ўласнага тэмпераменту, але і таго, што апантаны мастацтвам чалавек заўжды накіраваны на пошукі сябе ў розных відах творчай дзейнасці. На ўсіх этапах творчасці мастака захаплялі акварэль і графіка, паколькі асабліва адпавядалі яго экспрэсіўнай і дынамічнай натуры. Пэўны час М.Драненка працаваў у экслібрысе, выканаў цікавую серыю кніжных знакаў, займаўся тыражнай графікай, працаваў над бясконцай колькасцю рэкламных плакатаў і афіш. Захапленне тыражнай графікай было шчыльна звязана і з працай над мастацкім афармленнем буклетаў і каталогаў, якіх зроблена больш за паўсотню. У большасці з іх М.Драненка даводзілася выступаць у якасці куратара, аўтара-складальніка і выканаўцы ўсіх відаў дадрукарскай падрыхтоўкі. Гэта рэтраспектыўная экспазіцыя жывапісу, прымеркаваная да 70-гадовага юбілею мастака, па-cвойму унікальная, паколькі змяшчае немала твораў Мікалая Драненкі, якія раней нійдзе не дэманстраваліся. У іх выразна бачны жывапісна-пластычныя прыярытэты творцы і асаблівасці развіцця ў часе яго аўтарскай манеры.

 Міхась Цыбульскі,

кандыдат мастацтвазнаўства

Выстава твораў Мікалая Драненкі ў віцебскім Мастацкім музеі працуе з 17 жніўня па 11 верасня 2016 года.

Русский
X