Віцебскі абласны краязнаўчы музей запрашае
9 сакавіка а 17 гадзіне
на адкрыцце рэспубліканскай выставы выцінанкі “Выцінаная вясна”.
Выціна́нка, як від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у беларускай нацыянальнай культуры атрымала шырокае распаўсюджанне ўXIX – XX стагоддзях. У беларускай культуры найбольш пашыраныя аднаколерныя выцінанкі з геаметрычным, раслінным, радзей зааморфным і антрапаморфным узорамі. З канца ХІХ ст. паступова паляпшаюцца ўмовы жыцця, узнікае патрэба ў аздабленні інтэр’ера, што стымулявала пашырэнне новых відаў беларускага народнага мастацтва. Карункі з белай, чорнай ці каляровай паперы аздобілі сцены, бэлькі, вокны, мэблю, паліцы для посуду, абразоў.
Сучасная беларуская выцінанка – вельмі адметная і самастойная мастацкая з’ява. Даследчыкі кажуць аб адраджэнні гэтага віду народнай творчасці ў апошнія два дзесяцігоддзі. Адыход ад практычных і ўтылітарных функцый, набыццё ўласнай мастацкай самакаштоўнасці, імкненне і здольнасць адлюстраваць любую тэму прывялі да іншага стаўлення да выцінанкі. Сучасная выцінанка – гэта аб’ект музейных калекцый, выстаў народнага мастацтва, арыгінальны падарунак і сувенір. У наш час матывы і прыёмы выцінанкі пашыраны ў афармленні кніг, упаковак, паштовак і г. д.
На пач. 1990-х гг. калекцыя выцінанак сфарміравалася ў Музеі старажытнабеларускай культуры ІМЭФ АН БССР. На сучасным этапе цэлы шэраг майстроў працуе ў тэхніцы выцінанкі, кожны з іх мае свой творчы почырк. Аднак немалаважным з’яўляецца захаванне рэгіянальных асаблівасцей у кантэксце агульнарэспубліканскага працэсу развіцця дадзенага напрамку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Запланаваная выстава сабрала ў адзіную выставачную прастору розных майстроў Віцебскай вобласці, а таксама працы, якія захоўваюцца ў фондах ГА “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”, ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”. Галоўнай мэтай выставы стала выяўленне агульнанацыянальных тэндэнцый і спецыфічныях рыс майстроў Віцебскай вобласці.
На выставе экспануецца больш ста (112) прац, з якіх 33 працы прадастаўлена ГА “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці” (Мінск, Брэст, Ружаны, Маладзечна, Гродна), 14 прац ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” і 65 прац прадаставілі майстры г. Віцебска і Віцебскай вобласці (Бешанковіцкі, Віцебскі, Гарадоцкі, Глыбоцкі, Лепельскі, Полацкі, Сенненскі, Чашніцкі раёны).
На адкрыцці выставы адбудзецца канцертная праграма і майстар-клас па выцінанцы.