Выстава. Вiктар Крук. "На жыццёвым шляху"

3 мая 1949 года – Крук Віктар нарадзіўся ў вёсцы Крукоўшчына Глускага раёна, Магілёўскай вобл., у вялікай шматдзетнай сям'і. Першы графічны партрэт Віктар намаляваў яшчэ ў чатыры гады. З шасці гадоў стаў адпраўляць свае малюнкі ў дзіцячыя часопісы і газеты. А ў сем год будучы мастак паспрабаваў пісаць фарбамі. Вывучаў тэхнікі малюнка і жывапісу, спрабаваў пераймаць манеры вялікіх майстроў. У школе афармляў сценгазеты, маляваў карыкатуры, браў удзел у раённых выставах юных мастакоў.

У 1967-1972 гады – вучоба на мастацка-графіным факультэце Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава ў Ф. Гумена, І. Сталярова, А. Арлова, А. Някрасава. Інстытут скончыў з чырвоным дыпломам і прапановай працаваць на кафедры жывапісу. Але Віктар абраў іншы шлях і паехаў працаваць настаўнікам у адну з вёсак на Магілёўшчыне.

З 1974 года жыве ў Шаркаўшчыне і з гэтага ж часу прымае ўдзел ў выставах. Працаваў настаўнікам чарчэння і малявання ў СШ №1.

З 1984 года – кіраўнік мастацка-афарміцельскіх майстэрняў пры раённым аддзеле культуры.

З 1992 года Віктар Крук працуе ў школе мастацтваў.

У 2007 годзе стажыраваўся ў Беларускай Акадэміі мастацтваў.

З 1996 года сябра Беларускага Саюза мастакоў.

У 2014 годе – прысвоена Ганаровае званне “Чалавек года Віцебшчыны – 2014” за высокі прафесіяналізм, значныя асабістыя дасягненні ў галіне мастацтва, развіццё мастацкай творчасці, выхаванне падрастаючага пакалення.

У 2019 годзе – узнагароджаны медалём“Святога Канстанціна Жданава”, які 10 мая Віктару Круку ўручыў архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій.

Жыве ў г. п. Шаркаўшчына Віцебскай вобласці. Працуе ва ўсіх жанрах жывапісу і графікі, але перавагу аддае партрэту і пейзажу.

На жыццёвым шляху ў Віктара Крука, які ў гэтым годзе адзначыў свой 70-гадовы юбілей, было шмат цікавых вандровак, пленэраў і сустрэч з таленавітымі людзьмі. Спатканні з вядомымі паэтамі, пісьменнікамі, мастакамі, як і знаёмства з геніяльнымі творамі літаратуры, ўражанні ад наведвання славутых мясцінаў Беларусі, не толькі пакінулі свой след у памяці, у душы і сэрцы мастака, але назаўжды аказаліся ўвасобленымі ў яго творах.

Віктар Крук з вялікай апантанасцю і шчырасцю піша партрэты слынных сыноў беларускай зямлі і партрэты сваіх сяброў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, якія прысвяцілі жыццё мастацтву. Пэрсанажы яго графічных і жывапісных партрэтаў, гарманічна спалучаюць у сабе зямное і ўзнёслае. Асабліва ўражвае, здольнасць В. Крука перадаць непаўторную індывідуальнасць мадэлі, адлюстраваць не толькі знешняе падабенства, але і характар чалавека, яго эмацыянальна-псіхалагічы стан. У адных вобразах гэта стан ціхай летуценнасці і рамантычнай задуменнасці, у іншых – настрой філасафічнай самапаглыбленасці, спалучэнне вонкавага спакою з унутранай усхваляванасцю.

Партрэты, напісаныя В.Круком па сваёй вобразнасці не толькі паліфанічныя, але і падкрэслена метафарычныя. Большасць з іх мае некалькі сэнсавых планаў, некалькі ўзроўняў прачытання. Не дзіўна, што ў партрэтах мы можам убачыць не толькі канкрэтных, добра вядомых нам людзей, але постаці герояў сваёй эпохі.

У кожнай з пейзажных кампазіцый, у кожным з партрэтаў існуе выразная сэнсавая дамінанта, якая часам набліжае творы да тэматычных кампазіцый. Разам з тым, В.Крук заўсёды дамагаўся эмацыянальнай выразнасці менавіта жывапіснымі сродкамі, не ўпадаючы ў апавядальнасць і ілюстрацыйнасць.

Творы мастака знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага масацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея Максіма Багдановіча (Мінск), Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, прыватных калекцыях Беларусі, Велікабрытаніі, Германіі, ЗША, Польшчы, Расіі, Францыі.

 

Міхась Цыбульскі

кандыдат мастацтвазнаўства, куратар выставы

Русский
X