ДЭКАРАТЫЎНАЕ МАСТАЦТВА І ДЫЗАЙН ЛАТВІІ
з калекцыі Музея дэкаратыўнага мастацтва і дызайну (г. Рыга),
філіял Латвійскага Нацыянальнага мастацкага музея
Выстава "Ля мора" з'яўляецца першым сумесным праектам Музея дэкаратыўнага мастацтва і дызайну ў Рызе і Віцебскага мастацкага музея. Яна арганізавана ў рамках Дзён Латвійскай культуры ў Віцебску і стала магчымай дзякуючы падтрымцы Міністэрства замежных спраў Латвійскай Рэспублікі, Консульства Латвіі ў Віцебску, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава.
Галоўная тэма экспазіцыі "Ля мора" была прапанавана яе аўтарам Вэлтай Раудзэпа, галоўным захавальнікам Музея дэкаратыўнага мастацтва і дызайну ў Рызе з мэтай падкрэсліць геаграфічнае размяшчэнне Латвіі каля Балтыйскага мора і паказаць, што марскія матывы займалі і да гэтага часу займаюць вельмі важнае месца ў творчасці шматлікіх мастакоў. Менавіта для віцебскіх гледачоў у склад выставы ўключаны мастацкія творы, у якіх, паралельна з марской тэматыкай, адлюстроўваюцца культурна-гістарычныя каштоўнасці латышскага народа, народная творчасць і пераемнасць традыцый у сучасным мастацтве, у якіх перададзены прыгажосць латвійскай прыроды, вобраз ракі Даўгавы, якая нясе свае воды праз Рыгу і Віцебск. Акрамя таго, наведвальнікі ўбачаць на выставе філасофскія працы канцэптуальнага характару. Выстава “Ля мора” са збору Музея дэкаратыўнага мастацтва і дызайну прапануе ўвазе гледачоў лепшыя ўзоры латышскага тэкстыльнага мастацтва, мастацтва металу, керамікі і парцаляны. Знаёмства з дасягненнямі дызайну варта вылучыць асобна, бо ў апошняе дзесяцігоддзе гэта галіна ў Латвіі набыла незвычайную актуальнасць, адначасова заняўшы вызначаную нішу на сусветным рынку.
Тэкстыльнае мастацтва прадстаўляюць творы вядомых латышскіх мастакоў розных пакаленняў, якія прайшлі праверку часам і па праве папоўнілі "залаты фонд" музея. Першым чынам, гэта габелены заснавальніка школы тэкстыльнага мастацтва Латвіі, мастака па тэкстылю Рудольфа Хеймрата (1926-1992) "Захаваем прыроду" і "Народная песня", вобразныя інтэрпрэтацыі мора ў працах мастакоў Эгіла Розэнберга, Ліліты Постажы (1941-2011) і Дзінтры Вілкс, філігранна вытканыя кампазіцыі майстра мастацтва габелена Эдыты Паўлс-Вігнерэ "Беражыце прыроду" і "Гармонія", у якіх надзіва тонка адлюстравана тэма абароны прыроды і вандравання ў свет музыкі, перададзены нейкі адмысловы настрой. Сярод кампазіцый філасофскага характару варта вылучыць тэкстыльныя працы выкладчыкаў Латвійскай Акадэміі майстэрстваў Аі Баўманэ "Ўсё" і Іевы Круменя "Месяцовая лодка", а таксама "Раўнавага" мастачкі Байбы Рытэрэ. Сімвалічнымі і абагульненымі ў сваіх рашэннях глядзяцца трыпціх Айны Музэ "Рызе 800", "Свята песні" Рыты Блумберг (1925-2008) і "Даўгава" Байбы Осітэ. Нароўні з габеленам і іншымі, больш традыцыйнымі тэхнікамі ткацтва, апошнія дзесяць гадоў у Латвіі бурна развіваецца так званае мастацтва валакна (fiber art), таму вельмі заканамерна, што выставу дапаўняюць некалькі досыць незвычайных экспанатаў, для стварэння якіх былі скарыстаны дрэва, метал, сізаль і іншыя валокны. Напрыклад, кампазіцыі Байбы Осітэ "XXX", Таццяны Аляксандры "Вада", Эгіла Розэнберга "Ліст марака каханай дзяўчыне".
У сферы мастацтва апрацоўкі металу ў Латвіі працуе шэраг таленавітых мастакоў. Яны займаюцца рэалізацыяй ідэй канцэптуальнага характару, працуюць у ювелірным мастацтве і распрацоўваюць дызайн для прадметаў інтэр'еру. На гэты раз на выставе можна ўбачыць толькі творы выкладчыка Латвійскай Акадэміі мастацтваў, мастака па металу Юрыса Гагайніса, паколькі менавіта яго творчая дзейнасць цясней усяго злучана з асноўнай тэмай праекта. Майстар захоплены старанным вывучэннем форм караблёў і падводных лодак розных мадыфікацый, пошукам новых варыянтаў мадэляў і іх увасабленняў. Сярод прац мастака можна сустрэць і кампазіцыі канцэптуальнага характару, і палёты фантазіі, і выхапленыя з рэальнасці ці дасціпна абыграныя формы (напрыклад, "Палёт у лодцы", "Старыя караблі I, II", "Лайнер", "Які падглядвае"і інш.). Творы аўтара заўсёды вылучае глыбока асэнсаванае рашэнне тэмы і дасканалае тэхнічнае выкананне.
Мастацтва керамікі і парцаляны Латвіі на выставе прадстаўлена працамі шырока вядомых мастакоў. Самы ўслаўлены з іх - Петэрыс Мартынсон (1931-2013), імя якога было і застаецца дагэтуль адным з найболей значных у дадзенай галіне. З'яўляючыся сябрам Жэнеўскай міжнароднай акадэміі керамікі і неаднаразовым лаўрэатам прэстыжнага конкурсу ў Фаеніе (Італія), ён спрыяў пазнавальнасці латвійскай школы керамікі на міжнароднай арэне.
Каларыстычна на выставе дамінуе сугучча белага і сіняга колераў - гэта заліты сонцам белы пяшчаны пляж і блакітнае мора. Прадстаўленыя ў экспазіцыі прадметы буйных формаў - белая сукенка з шамота і ваза - нагадваюць скульптуры, выкананыя з крупчастага марскога пяску. Парцалянавая група "Абуджэнне" асацыюецца са старажытнымі, першабытнымі раслінамі, вынесенымі на бераг з марскіх глыбінь і высушанымі на сонцы. Жыццё каля мора заклікае атрымліваць асалоду ад напоенага сонцам дня, дзяўчыны-веласіпедысткі - адчуць радасць, гуляючы з ветрам, які заблытаўся ў іх валасах пры хуткай яздзе. Разам з сябрамі можна смакаваць сняданак у садзе ля мора, а ў зімовыя вечары пагрузіцца ў філасофскія разважанні, назіраючы за заснежаным лесам. У гэтых настроях і нараджаліся працы мастакоў Эліны Тытане, Віялеты Ятніецэ, Дайніса Лесыньша, Інэсы Маргевіч, Таццяны Крывенковай і Наталлі Ламінскай.
Латвійскі дызайн прадстаўлены майстрамі, якія ўжо заваявалі стабільнае месца ў дадзенай сферы ў сваёй краіне, а ў апошнія гады атрымалі яшчэ і міжнароднае прызнанне. Гэта дызайнеры, у чыіх працах ярка раскрыты прынцып устойлівасці нацыянальнай ідэнтычнасці латышскага народа, якая сваімі каранямі ўзыходзіць да прыроды Латвіі, этнаграфічнай спадчыны, фальклорных традыцый і валоданню рамяством, да лаканізму і эстэтыцы матэрыялу, характэрным для паўночных народаў.
Найбольш яркімі прадстаўнікамі гэтай галіны з'яўляюцца дызайнер і мастак па шкле Арціс Німаніс (брэнд "an&angel"), працы якога характарызуе адмысловая эстэтыка, якая абапіраецца на мінімалізм формаў і нетрадыцыйную для шкла тэхналогію апрацоўкі, а таксама Алдзіс Цырцэніс (брэнд "Rigas Kreslu fabrika"), ганараваны прэстыжнай узнагароды "Red Dot Award: Product Design 2012" за зэдлік "Bloom". Апроч гэтага, у экспазіцыю ўключаны працы дызайнера і мастака па металу Валтэра Кірштейна і таленавітага графічнага дызайнера Мадары Крыевіні (брэнд "MIESAI"), дзіцячая мэбля ад архітэктара Аі Прыедытэ-Сіетыні і дызайнера Данэка Сіетыньша (брэнд "KUKUU"), арыгінальны інавацыйны аб’ект ад дызайнера лямпаў Іевы Калеі (брэнд"mammalampa").
Спадзяемся, што гледачы атрымаюць асалоду ад гэтай выставы і адкрыюць для сябе разнастайны свет сучаснага дэкаратыўнага мастацтва і дызайну Латвіі.
Куратар выставы: Вэлта Раудзэпа / Velta Raudzepa,
кіраўнік па працы са зборам Музея дэкаратыўнага мастацтва і дызайну
/ Латвійскі Нацыянальны мастацкі музей
На выставе “Ля мора”, якая працягнецца да 08 студзеня 2017 года, прадстаўлена 75 мастацкіх твораў 29 аўтараў.