Вядомы віцебскі мастак, жывапісец і акварэліст, Міхась Ляўковіч прапануе наведвальнікам Мастацкага музея персанальную выставу жывапісных твораў “ДРУГОЕ ДЫХАННЕ”.
Міхась Ляўковіч – яркі прадстаўнік Віцебскай мастацкай школы, мастак эмацыянальны, летуценны. Многім ён вядомы як старшыня аб’яднання мастакоў “Віцебская акварэль” (1995-2011). У творчасці мастака гучыць чыстая беларуская мелодыя. Яна напаўняецца нацыянальным рамантызмам і сэнсавай глыбінёй. У вобразны строй твораў мастак уключае разважанні аб сучаснасці, мінулым і будучым чалавека і народа. Шлях гэтага майстры ў мастацтве азначаны нястомнай працай і глыбокай арганічнасцю.
Для выставы “ДРУГОЕ ДЫХАННЕ” М. Ляўковіч адабраў творы, напісаныя ў 2015-2017 гадах. Складаныя гістарычна-філасофскія кампазіцыі на тэмы, звязаныя з беларускай гісторыяй; старажытныя мясціны Віцебшчыны; гарадскія і прыродныя матывы ўвайшлі ў яго карціны. М. Ляўковіч прапануе гледачу перанесціся разам з ім у сакральны стан прыроды ці ўзляцець птушкаю над палеткамі, адчуць вільгаць паветра на досвідку ці акунуцца ў абдымкі зімы. Творы мастака напоўнены гукамі і пахамі, святлом і глыбінёй пачуццяў.
Міхаіл Васільевіч Ляўковіч (1950 г.н.) нарадзіўся ў мястэчку Язна Міёрскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава (1976). Вучыўся ў таленавітых мастакоў і педагогаў Л.С. Анцімонава, А.Г. Арлова і інш. У 1983, 1989 гадах вучыўся ў Маскве ў народнага мастака СССР К.М. Максімава. Міхаіл Ляўковіч – сябра Беларускага Саюза мастакоў (1995), старшы выкладчык жывапісу, малюнку і кампазіцыі кафедры выяўленчага мастацтва ВДУ імя П.М. Машэрава (1976 – 2015). Узнагароджаны медалём “За заслугі ў выяўленчым мастацтве” Беларускага Саюза Мастакоў, ганаровым медалем Санкт-Пецярбургскага таварыства акварэлі імя А.М. Бенуа, ганаровымі граматамі і падарункамі Міністэрства культуры і адукацыі Рэспублікі Беларусь, граматамі Упраўлення культуры аблвыканкама і гарвыканкама г.Віцебска. Творы мастака знаходзяцца ў дзяржаўных і прыватных калекцыях Беларусі, Украіны, Германіі, Францыі, Іспаніі, Італіі, ЗША, Чэхіі, Польшчы, Расіі, Літвы, Латвіі і інш.
М.Ляўковіч правёў 30 персанальных выстаў у Беларусі і за яе межамі. З’яўляецца актыўным удзельнікам міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і гарадскіх выстаў.
Выстава “ДРУГОЕ ДЫХАННЕ” М.Ляўковіча працуе ў віцебскім Мастацкім музеі з 03 па 21 мая 2017 года.