Выстава Б.Лалыка "Трывалая повязь"

ТРЫВАЛАЯ ПОВЯЗЬ РАДЗІННАЯ

Рука Барыса да алоўка прыляпілася змалку. Ужо ў пачатковай школе ён з большай ахвотай маляваў, чым пісаў.

Пасля яе заканчэння ў пасёлку з простай назвай Льнозавод у Гарадоцкім раёне, бацькі, якія ўхвалялі захапленне хлопчыка, аддалі яго на далейшую вучобу ў Мінск, у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. В. Ахрэмчыка. «Аддалі» – не зусім дакладна. Хлопцу давялося паказваць спрактыкаваным педагогам, на што ён здатны, трымаць экзамен.

Пасля школы-інтэрната Барыс Лалыка адслужыў у арміі, а потым паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) на аддзяленне графікі.

Яшчэ ў студэнцкія гады ён пераканаўча выявіўся як ілюстратар кніг, плённа супрацоўнічаў з выдавецтвамі «Мастацкая літаратура», «Юнацтва», «Народная асвета».

Але так атрымалася, што з цягам часу Барыс аддаў перавагу жывапісу. Пры гэтым яго майстэрства графіка выяўляецца і тут. Па звычцы ён робіць больш вытанчаны эскізны малюнак, перадаснову жывапіснай карціны, а гэта вымагае і адпаведнага падыходу да пісьма: больш дэталёвага, танюткімі пэндзлямі, трапна пакладзенымі слядкамі фарбы…

Мастак прытрымліваецца рэалістычнай, усталяванай на працягу стагоддзяў манеры жывапісу. Як старадаўнія майстры калісьці, вельмі любіць пісаць з натуры.

Удумлівае напаўненне прасторы карціны жывапісным святлом – важны элемент творчасці Барыса Лалыкі. Не менш важны, чым кампазіцыя ці каларыстычная напоўненасць у дакладна выбранай танальнасці. Гэтае штучнае святло, натуральна, не запальваецца ў адно імгненне выключальнікам, а выкладваецца пакрысе па слядочку-мазку, можна сказаць, з волі мастака святло на палатне “ходзіць пешкі”. А разам з ім і цень – ультрамарынавы ці які іншы, складанага фарбавага замесу, такі, якім убачыў яго мастак. А калі не ўбачыў, дык уявіў ці прыдумаў… Гэта якраз той момант, калі рэалізм як вызначэнне стылю ўжо найлепш выкарыстоў­ваць у звязе з эпітэтам “магічны”.

Гады тры таму Барыс атрымаў замову намаляваць абраз для царквы свяціцеля Васіля Вялікага ў мікрараёне Білева ў Віцебску. Потым яшчэ і яшчэ. На сённяшні дзень гэтая царква напоўнена ўжо дваццаццю абразамі яго работы – у алтары, на царскай браме, на сценах. Яны праменяцца інакшым святлом, якое ўжо не пераламляецца ў душы мастака, а праходзіць праз яе наскрозь. Гэта святло залатога фону, зробленае з дапамогай сусальнага золата, святло, якое сімвалізуе Божую прысутнасць і любату. Абразы мастака шчыра прызнаны ў дадзеным выпадку не гледачамі, а, можна сказаць, суразмоўцамі абразоў – святарамі і вернікамі.

У апошнія гады ў Барыса Лалыкі прыкметна змяніўся творчы інтарэс. Ацураўшыся маркотнага сузірання даўніх рэчаў падчас напісання нацюрмортаў, ён заглыбіўся ў свае душэўныя перажыванні, у пачуццёвую гушчыню гісторыі свайго роду… Цяпер задумы яго карцін куды радзей узнікаюць у выніку вонкавага ўражання, а ўсё больш – з роздуму аб лёсах сваіх продкаў і сваім лёсе, злучаным з іхнымі радзіннай повяззю. Так з’явілася карціна «Руіны царквы, у якой хрысцілі майго дзеда», колькі партрэтаў родных, у аснову якіх ляглі даўнейшыя фотаздымкі. У партрэце маці – несуцішны боль мастака, да скрухі ўзрушанага яе старасцю. Гэта – жывапіс, немагчымы без выключнай шчырасці і спавядальнасці.

Дзеячы вербальнага і візуальнага мастацтваў трохі парадаксальна звязаны паміж сабою. Спрактыкаваныя пісьменнікі, як сцвярджаюць знаўцы, імкнуцца не расказваць тую ці іншую гісторыю, а паказваць яе словамі, разгортваючы жыццёвую панараму. Мастакі ж, так або інакш, выказваюцца, «слова за словам» (карціна за карцінай) выяўляючы перад гледачамі свой светапогляд і зацвярджаючы сваю прысутнасць на гэтым свеце. А што атрымаецца ў жывапіснага пісьменніка Барыса Лалыкі – «раман», «аповесць» ці нізка «апавяданняў», пакажа час. Да таго ж мастак працягвае сваю безупынную вучобу жыва­пісу. Цяпер – у вялікіх майстроў.

 

Сяргей Рублеўскі,

Віцебск

 

Русский
X