Выстава “iTex”

Русский

Святлана Баранкоўская – вядомая віцебская мастачка, сябра беларускага Саюза дызайнераў, сябра БСМ, старшыня Віцебскай арганізацыі "БСМ" з 2013 па 2019 гг. 2020 год – юбілейны для яе ф55-годдзе з дня нараджэння). З гэтай нагоды яна запланавала выставу “iTex” у Мастацкім музеі (філіяле УК “ВАКМ”). Назва расшыфроўваецца як "і"– я і "Тех" – нітка, дыяметр, таўшчыня ніткі ў ткацтве. Выстава складаецца з чатырох знакавых інсталяцый, створаных у апошнія гады: інсталяцыя “Белы шум” (6 частак), якая ў 2019 годзе атрымала Гран-пры на IV трыенале дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Мінску, інсталяцыя “Татава шафа” (5 габеленаў і аб’ект), інсталяцыя “Індыга” (4 габелены), інсталяцыя “Ад бабулі да нябёсаў” (2 частак).

Інсталяцыя “Белы шум” складаецца з 6 асобных габеленаў і мае ў аўтарскай задуме сацыяльны складнік – ўплыў інфармацыйных шумоў, якімі поўніцца сацыяльная прастора грамадства. Святлана Баранкоўская працавала каля года, выкарыстоўваючы для габеленаў паперу з рукапіснымі тэкстамі, газеты, капіравальную паперу і іншыя матэрыялы, закладваючы ў інсталяцыю думку, што "няма нічога больш вечнага, чым перапляценне нітак асновы, і нічога больш непатрэбнага, чым састарэлая інфармацыя».

Інсталяцыя “Татава шафа” стала вынікам асабістых стасункаў дачкі і бацькі. Святлана Баранкоўская узгадала той час, калі пасля саракавін мамачка прынесла ёй татавы кашулі: “Ён ніколі не насіў белых ці чорных кашуляў і ніколі не апранаўся не па-шляхецку. Таму ягоныя кашулі завіслі ў шафе. Ні спаліць, ні падарыць іх не хапіла духу. Але кожным разам, адкрываючы шафу, узгадваліся моманты з дзяцінства, з юнацтва. Татачка стаўся дзедам-таткай і для маіх дзетак. А ад колераў дзяцінства, колераў татачкінага густу сціскала сэрца”. Татавы кашулі ў ткацтве знітаваліся з інфармацыяй мінулага, з газетнымі палосамі. Габелены, стылізаваныя пад кашулі, маюць памер 98х45 см, матэрыял: газеты, лён, аксамiт, гатовыя гальштукi.

У габелене адным з самых значных крытэрыяў з’яўляецца структура. Дыспут паміж неадпаведнасцю візуальнага утварэння і тым, што адчуваецца пры дотыку рукамі, выклікае адрыў ад традыцыйнага разумення і поглядаў на сістэму каштоўнасцяў. Жорсткія і халодныя аб’екты сучаснасці прераўтвараюцца мяккімі матэрыяламі ў гіперрэалістычную пачуццёвасць. Так нараджаецца новы сэнс, новы культурніцкі знак, але ён і ёсць самы старажытны.

Выразныя знакі на мяжы эфектных і вольных візуальных асацыяцый, вытанчаных музычных інтанацый і гучных паэтычных метафар пры змяненні ракурсу праходзяць цікавы і захапляльны працэсс пераўтварэння. Хісткая і ненадакучлівая мадыфікацыя прасторы нараджае адчуванне шэрага шуму, ягонае імкненне ачысціцца да белі, да чысціні.

Ручное ткацтва - гэта дом для любога народу, які ведае тэхналогію перапляцення асновы. Тут ажывае памяць і сыходзіць страх аб згубе памяці, ад страты мінулага, ад разгубленасці і самоты ў вялікім свеце. Вынікам гэтага – абарона і прамова аб сучаснасці праз напрацаваныя тэхнікі. Захаванне традыцыі у ткацтве працуе на глыбінным узроўні, пераводзячы перыферыйныя сэнсы ў асноўныя.

Габелен – мастацтва для пакояў і палацаў. Ен не збівае з ног, не рэжа вока, не падаўляе і не засмучае нават у самых дзёрзкіх сваіх эксперыментах. Проста і павольна тканая таямніца ўпаўзае ў душу, захопліваючы яе не сілай, а пяшчотай. Паветра і святло габелена змешваюцца з наваколлем, быццам прарастаючы ў яго. У ім рытмы паганскага шчасця і хрысціянскай самоты арганічна суіснуюць і спяваюць гімны сучаснасці. Адсочаныя і заблытаныя ў нітках воўны пругкія паэтычныя хвалі ціха кажуць аб тым, як эмоцыі, пачуцці забіўшыся ў палатно, самі робяць выявы.

Баранкоўская Святлана Аляксандраўна (08.02.1965, г. Людзінава Калужскай вобл., Расія). Скончыла Віцебскі тэхналагічны тэхнікум (1984), атрымаўшы спецыяльнасць "мадэльер-канструктар жаночага адзення". Потым факультэт мастацкага праектавання вырабаў тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (1997). Сябра Беларускага Саюза дызайнераў (2000). Сябра Беларускага Саюза мастакоў (2003). Жыве ў Віцебску. Выкладала малюнак, жывапіс, гісторыю мастацтва і архітэктуры Беларусі, гісторыю сусветнага мастацтва ў сярэдняй школе №25 г. Віцебска і ў дзіцячай мастацкай школе №1 г. Віцебска. Была распрацоўшчыкам праграмы па прадмеце “Гісторыя мастацтва і архітэктуры Беларусі”, рэцэнзентам праграмы “Гісторыя мастацтва і архітэктуры Беларусі” для сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў па спецыяльнасці “Архітэктура”. З 1992 г. была ўдзельніцай гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў (Масква, Даўгаўпілс, Смаленск, Франкфурт-на-Одэры, Гданьск, Беласток, Рэбург, Гарш, Гайнаўка, Талін, Мінск). Было арганізавана 20 персанальных выстаў – “Одна связующая нить”, “Крывічанка”, “Альгердавым шляхам”, «Альгердава спадчына”, «Жывыя» і іншыя. У 1998 г. атрымала дыплом 2 ступені ў рэспубліканскай выставе “Новыя імёны”, у 2011 г., у першым біенале «Квадратный метр – свое пространство» – дыплом за лепшую працу, выкананую ў традыцыйнай тэхніцы габелена ў намінацыі «Поэтика образа» (Масква, Расія).

Працуе пераважна ў мастацкім тэкстылі, у галіне ручнога гладкага ткацтва, стварае сцэнічныя касцюмы, піша кампазіцыі ў тэхніцы алейнага жывапісу. Цэнтральнае месца ў творчасці займаюць тэмы, звязаныя з гісторыяй Беларусі, паданнямі, легендамі, фальклорам, этнаграфічнай спадчынай народа, увасабленнем вобразаў вядомых гістарычных асоб і нашых сучаснікаў. Тэкстыльным кампазіцыям ўласцівыя эксперыментальны характар, вытанчанасць і выразнасць каляровага і пластычнага рашэння, спалучэнне дэкаратыўнасці і трохмернасці, знакавы характар вобразаў, лаканічнасць і мінімалізм выкарыстоўвання выяўленчых сродкаў.

Работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Украіны, Расіі, Латвіі, Эстоніі, Германіі, Ізраіля, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, цэнтры ім. Язэпа Драздовіча.

X