Выстава Ю.А. Якімовіча "Крыніцы памяці"

Беларуская

12 красавіка 2023 г. а 17-й гадзіне ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі (Ратуша, вул. Леніна, 36) адчыняецца выстава архiтэктурнага жывапicу Ю.А. Якiмовiча “Крынiцы памяцi”.

Выстава жывапісу Ю.А. Якімовіча прымеркавана да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін, які адзначаецца ў свеце штогод 18 красавіка. Дэвізам сталі словы: "Захаваем нашу гістарычную Радзіму". Гэты дзень, таксама вядомы як Дзень сусветнай спадчыны, устаноўлены ў 1980 годзе Асамблеяй Міжнароднай рады па пытаннях аховы помнікаў і славутых мясцін (ICOMOS), створанай пры ЮНЕСКА.Свята адзначаецца з 1984 года з мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці да пытанняў аховы і захавання сусветнай культурнай спадчыны. Таксама ён дае магчымасць больш даведацца пра разнастайнасць сусветнай спадчыны і пра сілы, якія прыкладаюцца для яе абароны і захавання.  

Выстава прысвечана вядомаму даследчыку беларускага драўлянага дойлідства, архітэктару і самабытнаму мастаку Юрыю Якімовічу. На экспазiцыi прадстаўлена больш за 20 жывапісных прац мастака. Юрый Якімовіч нарадзіўся ў Мінску, а ў 1986-м пераехаў у Віцебск, выкладаў на худграфе педінстытута (цяпер ВДУ імя П.М. Машэрава). У апошнія гады жыцця Юрый Аляксандравіч выдаў дзве кнігі - "Помнікі цаглянага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX - пачатку XX стагоддзяў" і "Архітэктура Беларусі XVI - сярэдзіны XVII стст. Даведачнае кіраўніцтва». Навуковыя працы Юрыя Якімовіча ўнеслі значны ўклад у вывучэнне гісторыі беларускай культуры і сталі вучэбнымі дапаможнікамі студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў. Юрый Якімовіч вывучаў гісторыю беларускай архітэктуры, у прыватнасці, драўлянае дойлідства Палесся XVII - XIX стагоддзяў, якое прэтэндуе ўвайсці ў спіс каштоўнасцяў ЮНЕСКА, а таксама дзейнасць мастакоў XIX стагоддзя - Напалеона Орды, Юзэфа Пешкі, Дзмітрыя Струкава i iншых.

 Ім была праведзена вялікая работа па стварэнню чарцяжоў сядзіб, палацаў і замкаў Беларусі. Дзякуючы намаганням даследчыка пад дзяржаўную ахову ўзяты гістарычныя пабудовы ў вёсцы Казлоўшчына і гарадскім пасёлку Варапаева Пастаўскага раёна, а таксама шэраг дамоў Віцебска. Юрый Якімовіч быў адным з першых архітэктараў, якія правялі поўнае даследаванне гістарычнай забудовы Задзвіння (Вiцебск).

Выстава будзе цікавая для усiх узростаў, таму што усе культурныя і гістарычныя помнікі з'яўляюцца сведкамі сваіх эпох. Толькі яны могуць распавесці падрастаючым пакаленням аб іх гісторыі, тым самым абудзіць нацыянальную самасвядомасць, любоў да сваёй радзімы, павагу да яе гісторыі і культуры. 

 

Выстава будзе прадстаўлена ў холе Ратушы да 20 чэрвеня 2023 г.

Уваход бясплатны

Кантакты: + 375 (212) 66 05 87, +375 29 210 22 61                        

 

Новоcти: 
X