«Матуліны кросны»

Русский
23 лютага 2024 года а 16 гадзіне ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі (Ратуша, вул. Леніна, 36) адбудзецца адкрыццё выставы ручнікоў і посцілак «Матуліны кросны» з музейных фондаў.
У апошнія дзесяцігоддзі дзякуючы павелічэнню цікавасці да нацыянальнай гісторыі, культуры, у тым ліку да народных традыцый, святаў і абрадаў, набывае актуальнасць дэманстрацыя калекцыі ручнікоў, посцілак і элементаў народнага касцюма як неад'емных элементаў традыцыйнай беларускай культуры.

Выстава «Матуліны кросны» прэзентуе калекцыю ручнікоў і пакрываў (посцілак) гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна Паазер'я, а таксама абрусаў, спальных прылад, прадметаў адзення, вырабленых уручную на ткацкіх станках (больш за 200 прадметаў).

Яркім дапаўненем выставы з’яўляюцца сельскагаспадарчыяя прылады працы для апрацоўкі ільну, вырабу тканіны, а таксама элементы інтэр’ера сялянскай хаты і фотаздымкі другой паловы XIX – пачатку XX стагоддзяў, якія ілюструюць сялянскую працу і побыт.

Калекцыя Віцебскага абласнога краязнаўчага музея прадстаўляе асноўныя тыпы ручнікоў Віцебшчыны: полацкія, віцебскія, усходне-віцебскія, стараверскія, ручнікі пагранічных з Падняпроўем і Паняманнем раёнаў, пазарэгіянальныя ручнікі.

Матэрыялы выставы адлюстроўваюць тэхналогіі вырабу прадметаў, а таксама знаёмяць з тэхнікамі і арнаментамі, рэгіянальнымі адрозненнямі, выкарыстаннем ручнікоў і посцілак у побыце. На выставе прадстаўлены прадметы двухнітавага, бранага, выбарнага, шматнітавага, ажурнага, пераборнага ткацтва. Калекцыя ручнікоў ілюструе архаічыя тканыя геаметрычныя і больш познія вышываныя раслінна-геаметрычныя арнаменты у выглядзе ромба з адросткамі, васьміканцовай зоркі, вазонаў, кветак, манаграм, птушак, антрапаморфных сюжэтаў.

Прымяненне ручнікоў і посцілак ў побыце адлюстравана ў рэканструяваным інтэр'еры сялянскай хаты, дзе можна пабачыць ручнік-«набожнік», вясельны ручнік, ручнік-«уціральнік», «трапкач» і інш.

На выставе таксама можна пазнаёміцца з традыцыйнымі строямі народнага адзення Паазер'я. У экспазіцыі прадстаўлены прадметы народнага касцюма з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музейнага комплекса гісторыі і культуры Аршаншчыны, Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў, Лепельскага раённага краязнаўчага музея, Лепельскага Цэнтра рамёстваў.

Падчас адкрыцця выставы выкладчыкі і навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа прадэманструюць працэс ткацтва на сучасных кроснах, а госці музея атрымаюць унікальную магчымасць далучыцца да стварэння ручнога вырабу тканіны.

Выстава будзе працаваць да 31 мая 2024 года.

Кошт білета:
4 руб. – для дарослых; 2 руб. – для школьнікаў і студэнтаў.

Кантакты: 66-05-87, +375 29 210 22 61

 

 

Новоcти: 
X