Выставка латвiйскага мiнiяцюрнага тэкстылю "Канцэнтраваныя думкi"

      Мініяцюрныя тэкстыльныя кампазіцыі, як плоскія так і аб’ёмныя, даволі не адразу атрымалі статус твора мастацтва. Доўгі час многае з таго што сёння мы бачым на гэтай выставе і прафесіяналамі вызначаецца як творчая прастора мінітэкстылю, лічылася звычайным дамаводствам, хатняй творчасцю, ці простым захапленнем. Менш  чым за пяцьдзесят гадоў мінітэкстыль прайшоў шлях ад простага творчага эцюда і форэскіза, да самастойнага і адметнага накірунку ў развіцці дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Мінітэкстыль не згубіўся ў актуальней прасторы мастацтва, а малый фармат і камернасць перасталі быць прыкметай нейкай непаўнавартаснасці гэтых твораў мастацтва. Тэкстыльная мініяцюра пачала ўспрымацца мастакамі розных краін як адмысловы від эксперыменту ў сучаснай мастацкай творчасці. Відавочна, падкрэслена аўтэнтычны характар мінітэкстылю усё часцей прыцягвае да сябе увагу аналітыкаў і дае падставу разважаць пра яго асаблівую папулярнасць.

     Сёння двухмерныя і трозмерныя аб’екты удзельнікаў гэтай выставы, улюбёных у тэкстыль, уражваюць крэатыўнасцю вобразна-пластычных рашэнняў, канцэптуальным ці філасофскім падтэкстам, а часам і проста гульнявым падыходам да інтэрпрэтацыі вобраза, і канешне ж выразнай эмацыянальнасцю і пачуццёвасцю.

     У Латвіі ці не самай папулярнай разнавіднасцю міні-тэкстылю доўгія часы быў міні-габелен. Менавіта ён стаў добрай глебай для эксперыментаў і засваення новых тэхнік і тэхналогій. Перыяд постмадэрнізму не толькі ўмацаваў пазіцыі гэтага віда творчасці, але надаў яму новыя вектары развіцця, скіраваўшы ўвагу мастакоў на засваенне спадчыны цэлага шэрагу культурных пластоў, ужыванне шырокага дыяпазону матэрыялаў. Аўтарскі міні-тэкстыль такім чынам ў сучасных умовах атрымаў новае гучанне.

     Сярод латвійскіх мастакоў тэкстылю шмат яркіх, творчых індывідуальнасцяў. У кожнага з іх свая мова, свае сродкі мастацкага самавыяўлення, свае падыходы, свая рытмічная інтанацыя, свае непаўторныя сродкі выражэння. Відавочна і тое, што ў наш час у творчасці мастакоў Латвіі, якія працуюць з міні-тэкстылем імкненне самавыяўлення і аўтарская задума зусім не перашкаджаюць дамінаванню этнічнай традыцыяй. I гэта зразумела: народная творчасць заўсёды служыла і працягвае служыць невычэрпнай крыніцай для творчасці многіх мастакоў.

Міхась Цыбупьскі,

                                                                        кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава, куратар выставы

X
Укажите ваше имя на сайте Учреждение культуры «Витебский областной краеведческий музей».
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка