Выстава "Зямное i нябеснае"

Віцебскі мастацкі музей прадстаўляе персанальную выставу “ЗЯМНОЕ І НЯБЕСНАЕ” беларускага мастака  Уладзіміра Рынкевіча.

Уладзімір Іванавіч Рынкевіч (1952 г.р.) – мастак, мастацтвазнаўца і педагог, прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Выпускнік мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута ім. С.М. Кірава (1974). З 1974 года прымае ўдзел ў шматлікіх групавых, рэспубліканскіх і замежных мастацкіх паказах. Персанальныя выставы Рынкевіча У.І. адбыліся ў Мінску, а таксама ў Раверэтта (Італія), Гранадзе, Малаге (Іспанія), Варшаве (Польшча) і інш. Творы змяшчаюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі,  Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі, у шэрагу абласных мастацкіх музеяў, а таксама ў блізкім і далёкім замежжы: ЗША (Музей сучаснага рускага мастацтва ў Нью-Ёрку), Літве, Польшчы, Расіі. Мастацкая творчасць Рынкевіча У.І. спалучаецца з мастацтвазнаўчай і педагагічнай дзейнасцю. Ён з'яўляецца аўтарам і каардынатарам шэрагу рэспубліканскіх мастацка-публіцыстычных праектаў, аўтар больш за 70 навуковых,  публіцыстычных і вучэбна-метадычных работ – кнігі і артыкулы па пытаннях гісторыі і сучаснага стану беларускага выяўленчага мастацтва. Жыве і працуе ў Мінску. Прафесар кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Сваю персанальную выставу ў родным горадзе Віцебску Рынкевіч У.І. прысвячае стагоддзю з дня нараджэння сваіх бацькоў: Івану Гаўрылавічу і Ефрасінні Арсенцьеўне Рынкевічам.

На выставе экспануецца 34 акварэльных твора апошніх гадоў. Гэта новая калекцыя акварэляў сабраная з тэматычных серый, якія на сёння для аўтара асабліва актуальныя. Сярод іх: “З дзяцінства“, “Маўчанне перад абразом”, “Валаам”, “Афон”, “Луг духоўны” і інш. Акварэль для мастака -  самастваральны матэрыял, з самакаштоўнымі эфектамі і вялікім яшчэ далёка не выкарыстаным мастацкім патэнцыялам. Мастак прапануе гледачам у сааўтарстве з ім далучыцца да творчага працэсу, абудзіць вобразную фантазію пачуццёвым успрыманнем гармоніі самаадвольных колеравых адценняў і тонавых плямаў, дынамікі лінейна-пластычных рухаў, гульні непаўторных форм і фактур.

Назва выставачнага праекта пазначае канцэптуальна-тэматычны стрыжань прапанаванай экспазіцыі, які аб’ядноўвае творы, хаця і аднаго аўтара, але розныя па тэматыцы і стылістычных напрамках. Здавалася б асобныя, на першы погляд выпадковыя, эпізоды жыцця, дзіўныя прыродныя з’явы і банальныя аб’екты рэчаіснасці не маюць прамой, бачнай узаемазалежнасці. І тым не менш яны непарыўна звязаныя не толькі матэрыяльнымі формамі зямнога існавання, “харчовым ланцужком”, але і сваёй далучанасцю да духоўнага поля сацыяльнага жыцця, сферы розума і пачуццяў. Погляд на свет, дзе зямны і нябесны аспекты быцця ўспрымаюцца як цэласная філасофская субстанцыя, абуджае наша асацыятыўнае мысленне, дае волю фантазіі, патрабуе ад творца выкарыстання арыгінальнай іншасказальнай мовы адлюстравання. Мастак, як паэт, як філосаф пераасэнсоўвае гармонію бачнага свету і матэрыялізуе вобразную ідэю спецыфічнымі выяўленчымі сродкамі. Глядач вандруе па сцежках жыццёвых сюжэтаў, асацыяцый, роздумаў...

Выстава працуе у віцебскім Мастацкім музее з 14 чэрвеня па 5 ліпеня 2019 года.

Русский
X