Выстава "Віцебшчына ў творах мастакоў"

Выстава прысвечана 80-гадоваму юбілею Віцебскай вобласці.

15 студзеня 1938 года 1-я сесія Вярхоўнага Савета СССР зацвердзіла пастанову ЦВК БССР аб стварэнні ў БССР 5-ці абласцей, у тым ліку Віцебскай. На падставе пастановы ЦВК і СНК БССР ад 20 лютага 1938 года ўтворана Віцебская вобласць у складзе 20 раёнаў. У гэты ж час быў створаны аргкамітэт ЦВК БССР па Віцебскай вобласці, які да выбараў абласнога Савета прыняў на сябе ўсе выканаўчыя функцыі. 31 мая - 4 чэрвеня 1938 года адбылася 1-я абласная партканферэнцыя, на якой быў абраны абкам КП(б)Б і яго бюро. Першым сакратаром віцебскага абкама КП(б)Б стаў Ананьеў Анатоль Андрэевіч, другім сакратаром - Гусеў Дзмітрый Сцяпанавіч. З 2-га ліпеня 1938 года, у сувязі з выбраннем Ананьева А.А. другім сакратаром ЦК КП(б)Б, яго змяніў Стулаў Іван Андрэевіч. 13 снежня 1939 года праведзены выбары ў Віцебскі абласны Савет дэпутатаў працоўных, які з'яўляўся органам дзяржаўнай улады на тэрыторыі Віцебскай вобласці і абіраўся на два гады з 83 дэпутатаў. 8 студзеня 1940 года адбылася першая сесія абласнога Савета дэпутатаў працоўных першага склікання, на якой былі створаны 9 пастаянна дзеючых камісій па асноўных галінах гаспадарчага і культурнага жыцця вобласці. На першай сесіі прайшлі выбары выканкама абласнога савета ў складзе 15 чалавек. Першым старшынёй Віцебскага аблвыканкама абраны Рабцаў Ілля Мікалаевіч.

Віцебская вобласць у новым адміністрацыйным статусе прыступіла да плённай працы, выканання планаў 3-яй пяцігодкі. Аднак мірнае жыццё было парушана вайной. Віцебшчына стала партызанскім краем: 39 партызанскіх брыгад, Віцебскі падпольны абласны камітэт, гарадскі камітэт і 20 раённых камітэтаў КП(б)Б, масавы падпольны рух. Страты, нанесеныя Віцебшчыне вайной, склалі 25 мільярдаў рублёў.

Аднаўленне краю - гэта цэлы летапіс патрыятызму, самаахвярнасці, энтузіязму, які захаваўся ў архіўных дакументах, газетных рэпартажах, а таксама ў творах віцебскіх мастакоў, многія з якіх з'яўляліся непасрэднымі ўдзельнікамі і сведкамі гэтай гераічнай эпапеі. На выставе “ВІЦЕБШЧЫНА Ў ТВОРАХ МАСТАКОЎ”, прысвечанай 80-гадоваму юбілею Віцебскай вобласці, прадстаўлена 54 творы 40 знакамітых майстроў мастацтва. Усе яны апяваюць прыгажосць роднага краю.

Віцебшчына... Найпрыгажэйшы беларускі край! Зірніце на карту вобласці, якая як велізарны казачны дыван, сатканы з маляўнічых дуброў, бязмежных азёр, яроў і далін, прарэзаных блакітнымі стужкамі Заходняй Дзвіны і Дняпра, Дрысы, Дзісны, Лучосы, Віцьбы... Ад блакітных азёр Браслаўшчыны і сасновых бароў Расоншчыны да пойменных лугоў Дубровеншчыны і ільняных плантацый Аршаншчыны, ад дуброў Пастаўшчыны да бярозавых гаёў Лёзненшчыны - на сотні кіламетраў з поўначы на поўдзень, з захаду на ўсход раскінулася Віцебская вобласць плошчай у 40 тысяч квадратных кіламетраў. На поўначы да межаў вобласці падступае старажытная Пскоўская зямля, на паўночным захадзе, калі спусціцца да самага вусця Заходняй Дзвіны, апынешся ў старой і вечна юнай Рызе. А мінеш казачнай прыгажосці возера Нарач - рукой падаць да старадаўняга Вільнюса. На захадзе і паўднёвым захадзе Віцебшчына мяжуе з Мінскай і Гродзенскай абласцямі, на поўдні - з Магілёўскай. На ўсходзе - зямля Смаленшчыны.

На карце Віцебскай вобласці - звыш дзесяці тысяч населеных пунктаў, 21 сельскі раён, 19 гарадоў і 23 пасёлкі гарадскога тыпу, 200 сельскіх Саветаў. Усяго ў вобласці пражывае каля 1 мільёна 214 тысяч чалавек. Буйнымі гарадамі вобласці з'яўляюцца Віцебск, Полацк, Орша, Наваполацк. Шмат стагоддзяў таму згадваліся ў старажытных славянскіх летапісах гарады Друцк, Лукомль, Копысь, Браслаў, Друя, Лепель, Чарэя і іншыя, якія ўваходзяць цяпер у склад вобласці. Жывуць на Віцебшчыне нашчадкі найстаражытных славянскіх і балцкіх плямёнаў - беларусы; яны складаюць звыш 80% насельніцтва. Жывуць рускія, украінцы, палякі, яўрэі, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў.

Віцебшчына… Тут пад кожным каменем, у кожным меднаствольным бары, на дне кожнага возера гучыць легенда або быліна, жамчужына народнай мудрасці. Уся прыгажосць краю, багацце яго гісторыі, культурная спадчына годна захоўваецца нашчадкамі. Славяць вялікую спадчыну і творы мастакоў: Каржанеўскага А.С., Бароўскага І.Ю., Шчамялёва Л.Д., Явіча П.М., Шутава Г.Ф., Толкача А.І., Бяляўскага В.М., Гумена Ф.Ф., Вальнова У.І., Таранды М.І., Андросава В.А., Верам’ёва І.І., Вітко У.І., Урублеўскай С.П., Даманава А.В., Драненкі М.А., Ізаіткі А.С., Карпана А.Ф., Кісялёва Р.П., Крука В.Ф., Краўчанкі А.М., Лісіцы І.І., Лябёдкі В.К., Мішчанкі М.М., Мшара Дз.Р., Мядзецкага В.А., Напрэенкі У.П., Несцярэнкі В.Е., Ральцевіча В.І., Радзевіча Л.І., Сарокіна В.А., Сталярова І.М., Танковіча Р.Л., Ціханава В.П., Цыбульскага М.Л., Шамшура В.В., Шарыпы П.П., Шыёнка А.С., Шкуратава І.М., Шылко В.А., якія прадстаўлены на выставе “ВІЦЕБШЧЫНА Ў ТВОРАХ МАСТАКОЎ”, прысвечанай 80-гадоваму юбілею Віцебскай вобласці.

Русский
X