Выстава “Мелодыя акварэлі”

Выставу «МЕЛОДЫЯ АКВАРЭЛІ» прадстаўляе віцебскі мастак Напрэенка Уладзімір Пятровіч (нарадзіўся 01.02.1944г. у в. Антонаўка Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці).

З дзяцінства ў яго вызначылася жаданне перадаваць інфармацыю пра навакольны свет у фарбах. Бацька, Пётр Рыгоравіч, заўважыўшы схільнасці сына, прывёў 15-гадовага Уладзіміра ў творчую майстэрню Марка Мікалаевіча Волахава, вядучага мастака Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, выпускніка Маскоўскага Строганаўскага вучылішча. Папера, аловак і акварэльныя фарбы сталі з гэтага часу пастаяннымі спадарожнікамі Уладзіміра Напрэенкі.

Уладзімір Пятровіч з удзячнасцю ўспамінае людзей, якія дапамагалі яго станаўленню як мастака, адным з якіх быў П.В. Масленікаў. Дзякуючы Паўлу Васільевічу ён атрымаў асновы акадэмічнага малюнка і жывапісу на падрыхтоўчых курсах Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута і пазней стаў студэнтам Віцебскага педагагічнага інстытута.

Падчас навучання на першым курсе Віцебскага педінстытута, на мастацка-графічным факультэце, юнак быў заўважаны выкладчыкам, вядучым акварэлістам Іванам Міхайлавічам Сталяровым, які надаваў больш увагі эцюдам жывой прыроды. Верагодна таму У. Напрэенка і зараз асабліва падаюцца працы эцюднага характару. Напісаныя іншы раз за адзін прыём, яны здзіўляюць актыўнасцю творчага ўспрымання навакольнага свету.

Першы поспех да Уладзіміра Напрэенкі прыйшоў у 1962-м, ужо на першым годзе навучання, калі пасля летніх вакацый неабходна было прадставіць напрацаваныя эцюды, і калі І.М. Сталяроў нават прапанаваў арганізаваць персанальную выставу маладога студэнта. Наступныя найбольш яркія ўражанні на маладога мастака зрабілі пленэры і праца ў майстэрні пад кіраўніцтвам Фелікса Фёдаравіча Гумена.

Затым у жыцці мастака настаў час актыўнай творчай і выставачнай дзейнасці, пошуку свайго стылю, манеры і тэхнічных прыёмаў. Мастак прымае ўдзел у абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных выставах. Шмат падарожнічае. Пашырэнне далягляду і светаадчування прывяло да індывідуальнага бачання і разумення тонкасцяў акварэльнага жывапісу. Новыя тэхнічныя прыёмы дазволілі нестандартна вырашаць розныя задачы, дамагаючыся выніковасці ў рабоце. Прасочваючы жанравую разнастайнасць пейзажаў, мы бачым, што індустрыяльным краявідам ўласціва адмысловая манументальнасць і урачыстасць, нават халоднасць, пры ўсёй энергічнасці акварэльнага мазку. Зусім іншымі - камернымі, лірычнымі - з'яўляюцца пейзажы, якія адлюстроўваюць прыроду, у іх закладзена больш пачуццёвасці, душэўнага цяпла. Пейзажы звіняць, фарбы сакавітыя. Яны перадаюць у карцінах ўсё колеравае багацце, абумоўленае ўздзеяннем сонечнага святла і навакольнай атмасферы.

З 2004 года У. П. Напрэенка - пастаянны ўдзельнік Міжнароднага пленэра па жывапісу «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве». На аснове гэтага штогадовага праекта, прысвечанага  вядомым мастакам Магілёўшчыны, радзімы У.Напрэенкі, умацаваліся яго сувязі з удзельнікамі-мастакамі з розных краін свету: Расіі, Украіны, Сербіі, Арменіі, Аўстрыі, Германіі, Польшчы, Балгарыі, Казахстана, Кітая, Беларусі. Цікавыя сустрэчы, абмен вопытам, багацце ўражанняў і ўзаемаабагачэнне нацыянальных культур аказалі несумнеўны ўплыў на мастака і спрыялі яго творчаму натхненню.

Дамінуючы стыль карцін У.П. Напрэенкі - рэалізм, лірычны і паэтычны. Творчыя працы мастака створаны на аснове жыццёвага вопыту, ведаў псіхалогіі чалавека. Многія карціны поўныя глыбокага філасофскага сэнсу, дзе прысутнічае праніклівы розум, невычэрпны тэмперамент і светлая душа.

Выстава “Мелодыя акварэлі” працуе з 28 снежня 2016 года да 29 студзеня 2017 года.

Русский
X