Выстава мастакоў г. Юрмала...

На выставе твораў аб’яднання мастакоў г.Юрмалы прадстаўлена 77 мастацкіх твораў 37 аўтараў: Інта і Імант Азаліні, Дзінтарс Адыеніс, Ліенэ Мартынсонэ, Лівія Брыгіта Паўлоўска, Ілзэ Лайзанэ, Яніс Струпуліс, Яніс Спалвіньш, Рудыте Якабсонэ, Эдытэс Звагулес, Лайма Акменціна, Антра Янкальна, Эйнарс Плукшна, Оярс Мартынсанс, Нукзар Паксадзэ, Стэфан Мацулскіс, Елізабэт Мэнгеле, Андрыс Берзіньш, Гірц Бурвіс, Агнэсе Бук, Ааліта Гульбэ, Байба Брыедэ, Яўген Пугін, Інгуна Калныня-Петэрсон, Лігіта Цаўнэ, Вальдэмар Круцінш, Іева Спалвіня, Яніс Вэйс, Павел Сагалаеў, Інэсе Зіменэ, Эрыка Кумерава, Яніс Якабсонс, Лайнэ Кайнайзэ, Лінда Стружэвіча і інш.
 
"Наша група мастакоў аб'ядналася даўно – яшчэ ў 1977 годзе і сёння багатая рознымі традыцыямі. Група складаецца з мастакоў розных пакаленняў і напрамкаў, і гэта, я лічу, самае вялікае багацце нашай групы! Таму і да ўдзелу ў гэтай выставе запрошана, як звычайна, максімальная колькасць мастакоў. Такім чынам, мы імкнуліся стварыць выставу, дзе амаль кожны яе наведвальнік мог бы знайсці блізкую для яго душы і духу працу! Падобныя выставы нашай групы ў апошнія гады былі ў некалькіх гарадах Латвіі і Літвы. Але ў Беларусі мы выстаўляемся ўпершыню.
Акрамя рэгулярных выстаў наша група прымае ўдзел у арганізацыі разнастайных культурных мерапрыемстваў: ладзіць пленэры, адукацыйныя праекты для моладзі і аматараў мастацтва розных пакаленняў. Праз мастацтва мы імкнемся папулярызаваць наш горад – Юрмалу - у любым кутку нашай зямлі...
Сёння ў нашай групе налічваецца прыкладна 60 мастакоў, якія творча працуюць у самых розных жанрах і тэхніках. Сустрэча з многімі з іх Вас чакае на гэтай выставе..."
 
Дзінтарс Адыеніс -
старшыня Юрмальскай групы мастакоў,
сакуратар выставы (Юрмала, Латвія)
 
Больш за 40 гадоў прайшло з таго моманту, як сфармавалася група жывапісцаў, вядомая сёння як "Група мастакоў Юрмалы". Яе першым кіраўніком быў вядомы мастак Валдзіс Буш. Пазней аб'яднанне ўзначальвалі мастак кіно Дайліс Рожлапа і скульптар, гравёр Андрыс Берзіньш. На працягу дзесяці гадоў на чале групы стаяў жывапісец Андрыс Германіс. Сёння старшынёй Юрмальскай групы мастакоў з'яўляецца Дзінтарс Адыеніс.
Юрмальскае аддзяленне Саюза мастакоў Латвіі, ці Юрмальская група мастакоў, як арганізацыя, аб'ядноўвае мастакоў-прафесіяналаў і аматараў, якія жывуць у Юрмале.  Акрамя мастакоў, у групу таксама ўваходзяць і юрмальскія фатографы. Найбольш актыўныя члены групы рэгулярна арганізуюць персанальныя выставы, удзельнічаюць у калектыўных выставах, пленэрах. Выставы, якія арганізуюцца Юрмальскай групай мастакоў, кожны год можна ўбачыць у Юрмальскім доме мастакоў (былым ДК "Булдуры"), Юрмальскім гарадскім музеі, рыжскай царкве Святога Пятра і іншых месцах.
У Віцебскім мастацкім музеі зараз прадстаўлены творы некалькіх пакаленняў юрмальскіх мастакоў, якія працуюць у самых розных відах, жанрах і тэхніках мастацтва. Нягледзячы на тое, што цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае жывапіс, не менш цікавымі з’яўляюцца творы графікі, керамікі, фатаграфіі і медальернага мастацтва. Асобныя ўдзельнікі юрмальскай групы ўжо прадстаўлялі свае творы ў Віцебску, але ў такім фармаце група мастакоў паўстае перад віцебскім гледачом упершыню.
Міхась Цыбульскі, кандыдат мастацтвазнаўства,
 сакуратар выставы (Віцебск, Беларусь)
Выстава працягнецца ў Мастацкім музеі да 05 снежня 2016 года.
X
Укажите ваше имя на сайте Учреждение культуры «Витебский областной краеведческий музей».
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка