Выстава "Дрэва майго жыцця"

10 студзеня ў віцебскім Мастацкім музеі адчыняецца выстава народнага майстра разьбы па дрэве (2017) Леаніда Саўчанкі “ДРЭВА МАЙГО ЖЫЦЦЯ”. 

САЎЧАНКА ЛЕАНІД АЛЯКСАНДРАВІЧ нарадзіўся 1963/05/22 г. у пасёлку Глазуноўка Кустанайскага раёна Кустанайскай вобласці Рэспублікі Казахстан. З ранняга дзяцінства захапляўся не толькі маляваннем, але і тэхнічнай вытворчасцю. У 1978 годзе пасля заканчэння васьмі класаў Велеўшчынскай школы Лепельскага раёна паступіў у Віцебскае будаўнічае вучылішча №57. Падчас вучобы актыўна ўдзельнічаў у розных творчых мерапрыемствах. З 1982 года па 1984 праходзіў тэрміновую службу ва Ўзброеных Сілах СССР у якасці мастака-афарміцеля пры ваенным клубе. З 1985 па 2006 гг. праходзіў звыштэрміновую службу ў вайсках МУС. Штогод удзельнічае ў горадзе майстроў у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі Базар у Віцебску».

Творчасцю актыўна заняўся пасля выхаду на пенсію. Пераважна працуе з дрэвам, якое ў руках майстра набывае незвычайныя формы, ператвараючыся не толькі ў пазнавальныя вобразы, але і цэлыя кампазіцыі, прасякнутыя ўнутраным сэнсам і зместам. Структура дрэва прыгожая сама па сабе: малюнак, колер, водар непаўторныя. У руках сапраўднага майстра драўніна атрымлівае другое жыццё. Пластычнасць, мяккасць ліній, душэўнасць і прастата напаўняюць кожны твор Леаніда Саўчанкі і прымушаюць думаць, разважаць і марыць. Дакладнасць і выразнасць форм, лаканізм, кампазіцыя скульптур, зварот да беларускіх традыцый надаюць яго вырабам цікавасць і нацыянальны каларыт.

Вялікую групу на выставе стварае серыя славянскіх міфалагічных герояў, багоў: Пярун, Белбог, Дажбог, Мокаш, Чур і іншыя. Вылучаюцца таксама вобразы музыкаў і танцораў. Есць творы, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны, напрыклад, “Святы Мікола, барані!” Таксама прадстаўлены скульптуры малых форм, драўляны посуд і акварэльныя пейзажы. Сярод драўляных скульптур персанажы з казак і басняў: “Чырвоная шапачка”, “Воўк і казляты”, “Варона і лісіца”, “Баба-Яга”.

Саўчанка Л.А. ўпершыню прадставіў свае творы ў 2012 г. ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі на выставе «Зямля бацькоў», якая была арганізавана сумесна з братам Аляксандрам Саўчанкам. У гэтым жа годзе прымаў удзел у IV Нацыянальнай выставе інсітнага мастацтва «Insita-2012», прадстаўляў Віцебшчыну на Міжнародным фестывалі наіўнага мастацтва «ФЕСТНАИВ» у г. Масква. З'яўляецца ўдзельнікам народнага клуба самадзейных мастакоў "Контур". Пастаянны ўдзельнік свята-конкурсу па мастацкай апрацоўцы дрэва «Фантазія рэльефу» у рамках выставы-кірмашу народных рамёстваў і мастацтваў «Задзвінскі кірмаш» падчас правядзення Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Пастаянны ўдзельнік выстаў ДУ «Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска «Дзвіна».

Выстава “ДРЭВА МАЙГО ЖЫЦЦЯ” працуе да 04 лютага 2018 года.

Русский
X