“У пошуках Атлантыды. Параф’янава”. Выстава па вынiках плэнэра.

з 10 студзеня па 2 лютага

Маляўнічыя краявіды, партрэты мясцовых жыхароў, урачыста-строгія выявы касцёлаў і цэлыя россыпы колераў, сонечныя дні лета і анёлы, лунаючыя ў паветры над хатай... Усё гэта можна будзе ўбачыць на выставе “У пошуках Атлантыды. Параф’янава”, адкрыццё якой адбылося 10 студзеня ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі (Ратуша).

Дзявяты мастацкі пленэр «У пошуках Атлантыды» праходзіў з 16 па 23 чэрвеня 2013 года ў вёсцы Параф’янава Докшыцкага раёна. Само маляўнічае мястэчка Параф’янава з велічным касцёлам Імя Марыі, Сітцаўскі сядзібна-паркавы ансамбль з рэшткамі палаца Дамейкаў і ўяздной брамай барочнага стылю і знакаміты Будслаў – прыцягнулі ўвагу арганізатараў і зрабілі Параф’янава месцам ладжання пленэра, які сабраў 23 мастака з 10 гарадоў Беларусі. Удзел прымалі: Наталля Белавокая, Юлія Гайдукова, Вольга Наскова, Васіль Пяшкун, Маша Пяшкун, Ганна Сілівончык, Кацярына Мяснікова, Людміла Аляксандрава, Святлана Баранкоўская, Валарый Белы, Уладзімір Вальноў, Юрый Платонаў, Эдуард Рэуцкі, Наталля Каржыцкая, Андрэй Міхайлаў, Сяргей Рабцэвіч, Вольга Якубоўская, Дзмітрый Буглак, Інга Карашкевіч, Валерый Шчасны, Алена Гушчонак, Іна Мацвяйчук, Яўген Ліпскі.

На выставе “У пошуках Атлантыды. Параф’янава” можна будзе ўбачыць мастацкія творы, выкананыя ў розных тэхніках і стылях: ад рэалізму да авангарду, імпрэсіяністычныя і стылізаваныя выявы. Стваральнікі экспазіцыі цвёрда ўпэўненыя ў тым, што кожны наведвальнік, кожны глядач знойдзе тут той твор, які прыпадзе яму да душы.

Мастацкі праект "У пошуках Атлантыды" пачаў свае існаванне ў 2005 годзе. Ініцыятарамі праекту сталі палачанкі: паэтка Лера Сом і мастачка Кацярына Мяснікова. Асноўным напрамкам працы з’яўляецца правядзенне пленэраў маладых мастакоў, па выніках праводзяцца мастацкія выставы і прэзентацыі. Ужо  праведзены 9 пленэраў і вялікі шэраг выстаў, выдадзены каталог па першых 5-ці пленэрах.

Звычайна ўзнікае пытанне: а якое дачыненне мае Атлантыда да Беларусі? Самае непасрэднае. Справа ў тым, што Атлантыда тут выступае як сымбаль страчанага, як напамін пра тое, што некаторыя рэчы зыходзяць незваротна, і так сама, як загадкавая Атлантыда, ахутаныя цемрай, становяцца міфам.

Мэтай пленэраў з’яўляецца адлюстраванне выяваў Беларускай Атлантыды, якая паволі знікае - хаціны, старыя драўляныя бажніцы, старасвецкія сядзібы, культавыя пабудовы і проста краявіды. У пленерах прымаюць удзел мастакі з розных рэгіёнаў Беларусі, яны знаёмяцца з культурнымі і гістарычнымі каштоўнасцямі мястэчкаў, асэнсоўваюць і перадаюць іх у сваіх творах.

Раней пленэры адбываліся ў Лявонпалі, Асвеі (Верхнядзвінскі раён), Дзісне (Міёрскі раён), Друі, Опсе (Браслаўскі раён), Лучаі (Глыбоцкі раён), Смалянах, Межаве (Аршанскі раён). 

Русский
X