"Дарога Мужнасці... Дарога дамоў"

30 мая - 25 чэрвеня

"Дарога Мужнасці... Дарога дамоў". Менавіта пад такой назвай адкрыта новая выстава ў Віцебскім абласным краязнаўчым музее. Яна прысвечана сусветна вядомаму пісьменніку, земляку В. Быкаву і прымеркавана да яго 90-гадовага юбілею.

Імя В. Быкава добра вядома і ў Беларусі, і далёка за яе межамі. Яго творы перакладзены на 50 моў свету. На працягу больш чым трыццаці гадоў цэнтральнае месца ў творчасці пісьменніка займала ваенная тэма, а дакладней - тэма чалавека на вайне. Героі на старонках твораў Васіля Уладзіміравіча заўсёды застаюцца салдатамі - мужнымі, суворымі, сумленнымі салдатамі Вялікай Айчыннай вайны.

Вы маеце выключную магчымасць убачыць асабістыя рэчы пісьменніка і яго бацькоў, рэдкія выданні кніг з аўтографам аўтара, унікальныя рукапісныя чарнавыя заметкі да твораў, дзённікавыя шаржы, мастацкія інсталяцыі; пачуць жывы голас пісьменніка, паглядзець фрагменты кінастужкі М. Пташука "Знак бяды"(1986 г.). На выставе прадстаўлена больш за 100 экспанатаў, якія знаёмяць з малавядомымі старонкамі жыцця і творчага пошуку гэтага майстра слова. Таксама ўпершыню экспануецца больш за 25 арыгінальных лістоў В. Быкава з фронту да родных (1944-1946 гг.), дзе скрозь радкі яшчэ чуюцца выбухі вайны...

Лёс пісьменніка вядомы кожнаму яшчэ са школьных гадоў, але ж на выставе можна пабачыць творцу перш за ўсё як чалавека, якім яго ведалі блізкія. І безумоўна, што шляхі Васіля Уладзіміравіча заўсёды вялі дамоў!

Русский
X