Беларускі АРТ-алфавіт

з 2 па 30 верасня 2014 года

Мастацкі музей

Устойлівы ўздым цікавасці да беларускай нацыянальнай культуры, да яе характэрных асаблівасцей і рысаў з’яўляецца своеасаблівым рухавіком для пошукаў творчых людзей, улюбённых у гісторыю і культуру сваёй радзімы. Беларуская мова, беларускі алфавіт, абрысы літар, устойлівыя выразы, показкі, гумар. У іх захоўваецца ўнікальны светапогляд беларуса, адбіваюцца розныя адценні гістарычных змен, каларыт і самабытнасць нацыянальнай культуры.

Новы погляд на выхаваўчыя магчымасці роднай мовы праз яе візуалізацыю ў мастацкім творы аб’яднала ў творчым пошуку 28 мастакоў, удзельнікаў незвычайнага мастацкага праекта “Беларускі АРТ-алфавіт”. У віцебскім Мастацкім музеі ён праходзіць ўжо другі раз. Куратар праекта – мастак і дызайнер Кацярына Мяснікава.

Праект дае магчымасць паглядзець пад іншым вуглом на складнікі мовы: літару, гук, выраз, тыповыя вобразы, увасобіць іх у форме гульні, пераасэнсаваць змены і асаблівасці роднай мовы, візуалізаваць яе сучасны выгляд, і тым самым зрабіць намаганне да паразумення з уласнай існасцю, ў якой адбываецца сінтэз розных моўна-культурных напластаванняў. Выхаванне цікавасці да асаблівасцей нацыянальнай кніжнай культуры, вобразнасці мастацкага свету, наогул, спалучэнне прадметнай выявы і літары ў адзіным вобразе твора фарміруе асобны кірунак творчасці, складаны і шматзначны. Пявучыя лініі і вытанчаныя выявы – багаты асацыятыўна-тэматычны матэрыял для разважанняў і пачуццяў.

У наведвальнікаў віцебскага Мастацкага музея ёсць магчымасць пазнаёміцца з творамі, аб’яднанымі агульнай тэмай “Ад руны да літары”, але рознымі па мастацкім рашэнні і сіле вобразнасці, з традыцыйным і асабістым светапоглядам на сучасную знакавую сістэму.

У праекце 2014 года прынялі ўдзел 28 аўтараў з Мінска, Віцебска, Верхнядзвінска, Полацка, Наваполацка, Лепеля, Оршы. Сярод іх сябры Беларускага Саюза мастакоў: Баранкоўская Святлана (габелен), Драздоў Генадзь (графіка), Жураўлёў Анатоль (графіка), Кастагрыз Алег (арт-аб’ект), Круглікава Марына (графіка), Лісоўская Наталля (габелен), Магучы Уладзімір (скульптура), Макаркоў Уладзімір (інсталяцыя) Марачкін Аляксей (жывапіс), Мацур Генадзь (графіка), Мядзведзскі Леанід (жывапіс), Савіч Андрэй (графіка), Шапо Аляксандр (графіка), Шчасны Валерый (жывапіс), Шылко Віктар (жывапіс). Маладыя творцы: Аўшэва Крысціна (графіка), Васільеў Павел (жывапіс), Дварэцкая. Таццяна (графіка), , Каласоўская Вераніка (жывапіс), Кураіва Яўгенія (графіка), Моніч Суламіта (графіка), Мяснікава Кацярына (камп’ютэрная графіка), Раманчук Алена (графіка), Саўчанка Ігар (жывапіс), Талантава Мілана (графіка), Танашчук Сяргей (графіка), Яўсееў Аляксей (скульптура).

Русский
X