Выстава “Дзе ТЫ – там Я”

Русский

“Дзе ТЫ – там Я”

Міхась Ляўковіч – яркі прадстаўнік Віцебскай мастацкай школы, вядомы беларускі мастак. Ён вучыўся ў горадзе Віцебску, праслаўленым на ўвесь свет жывапісцамі-майстрамі. Упітаў яго, напоўненае элексірам творчасці, паветра. Складаныя гістарычна-філасофскія акварэльныя кампазіцыі на тэмы, звязаныя з беларускай гісторыяй; старажытныя мясціны Віцебшчыны, гарадскія і прыродныя матывы ўвайшлі ў яго творы. Гэта і прынесла вядомасць мастаку ў 1980-я гады.

Міхась Ляўковіч працуе ў акварэлі і алейным жывапісе ў жанрах партрэта, краявіда, нацюрморта, фігуратыўнай і нефігуратыўнай тэматычнай кампазіцыі. У якім бы жанры Міхась Ляўковіч не працаваў, яго пэндзаль упэўнены, сродкі жывапіснага ўвасаблення непаўторныя, вобразы натхнёныя. Шлях мастака ў мастацтве адзначаны нястомнай працай і глыбокай арганічнасцю.

Сучасныя абстрактныя творы М.Ляўковіча, часам, з’яўляюцца працягам эскізаў, зробленых яшчэ ў 1990-я гады, дзе ён імкнецца да стылістычнай і тэхнічнай разнастайнасці твораў.

Назва юбілейнай выставы 2020 года “Дзе Ты – там Я” адлюстроўвае дыялог мастака з гледачом. Кожны мазок, кожная рыска, кожны персанаж таго ці іншага твора, незалежна ад полу, – гэта праява асобы мастака, яго думак, пачуццяў, стаўлення да творчасці.

Міхась Ляўковіч адзначае, што яго творы – гэта заўсёды вынік папярэдняй работы з назвай, эскізам і асацыятыўнасцю тэмы. Ёсць у яго творы, на якія нахтніла музыка.

Сярод твораў, адабраных для выставы ў Мастацкім музеі, можна вылучыць гістарычныя палотны: “Альгерд у Віцебску” (2014), “Падарожжа ў мінулае” (2009), інсталяцыю “Беларуская плашчаніца” (2005), “Партрэт Раісы Грыбовіч у ролі Рагнеды” (2001), “Пятро Ламан ў ролі Несцеркі” (2019-2020). У творчасці мастака гучыць чыста беларуская мелодыя. Яна напаўняецца нацыянальным рамантызмам і сэнсавай глыбінёй. У вобразны строй твораў мастак уключае разважанні аб сучаснасці, мінулым і будучым чалавека і народа.

Вялікую групу ствараюць рэалістычныя творы: пейзаж “Залаты звон” (2007), тэматычная карціна “За шчасце” (2018) і шэраг партрэтаў: “Бабуля Аляксандра” (1997), “Бабуля Наталля” (1997), “Партрэт матулі” (2000), “Партрэт Святланы” (1991), “Партрэт дачкі Марыі” (2011), “Рамантычны партрэт Святланы” (2011).

Частка твораў Міхася Ляўковіча спалучае рэалістычныя элементы кампазіцыйнага цэнтра і абстрактны фон: “Букет для Святланы” (2020), “Касачы ў чырвоным збанку” (2020), “Другі сон рыбы” (2019), “Нацюрморт на сіняй шафцы” (2018-2019), “Сцяна храма” (2015), “Калі мора спявае” (2020), “Пара трускалак” (2016-2018).

На ўзроўні кампазіцыі можна вылучыць групу абстрактных твораў, у якіх кампазіцыйны цэнтр мазаічны, складзены з мелкіх элементаў, якія рухаюцца хаатычна, і кантрастуюць з вялікімі плоскасцямі лакальных колераў фона. Сюды можна аднесці творы: “Nuevo Tangо. Новае танга” (2020), “Кастрычнік дэкарацыі расставіў” (2020), “Летняе сонцастаянне” (2017), “Пераўтварэнне - ІІ” (2017), “У след за зімовым рэхам” (2018), “Вясны пералівы” (2020).

Зварот да абстракцыі, часам, дазваляе трактаваць тэму шырэй, чым гэта магчыма пры рэалістычным рашэнні, напрыклад, тэма “вішнёвы лікёр”. Пры рэалістычнай трактоўцы магчымы варыянт – нейкі нацюрморт з бутэлькай і напоем, але з пункту гледжання мастака – гэта занадта проста, адразу ў лоб, тут няма пошуку для гледача, а абстракцыя дазваляе імправізаваць асацыятыўныя творы, у якіх нават пах можа стаць тэмай.

Для многіх сваіх абстрактных твораў Міхась Ляўковіч выкарыстоўвае крыжовую кампазіцыю і кантраст элементаў кампазіцыйнага цэнтра з акаляючым фонам, напрыклад, “Серэнада” (2020), “Церпкае віно” (2020). У колеравым рашэнні вялікую ролю адыгрываюць чорна-белыя элементы, якія аб’ядноўваюць каларыстычную палітру ў кампазіцыйнае адзінства.

Экспазіцыяй у Мастацкім музеі Міхась Ляўковіч паказвае сябе майстрам, які працягвае творчы пошук і імкнецца да новых стасункаў з гледачамі.

Міхась Васільевіч Ляўковіч 1950 года нараджэння, в. Язна Міёрскага раёна Віцебскай вобласці.

Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава ў 1976 годзе. Вучыўся ў Анцімонава Л.С., Арлова А.Г. У 1983 і 1989 гадах вучыўся ў Маскве ў народнага мастака СССР Максімава К.М. Сябра Саюза мастакоў РБ, старшыня суполкі мастакоў “Віцебская акварэль” з 1995 па 2011 г. Старшы выкладчык жывапісу, малюнку і кампазіцыі кафедры выяўленчага мастацтва з 1976 па 2015 год. Узнагароджаны медалём “За заслугі ў выяўленчым мастацтве” Беларускага Саюза мастакоў, ганаровым медалем С.-Пецярбургскага таварыства акварэлі ім. Бенуа, ганаровымі граматамі і падарункамі Міністэрства культуры і адукацыі РБ, Упраўлення культуры аблвыканкама і гарвыканкама г. Віцебска. Творы мастака знаходзяцца ў дзяржаўных і прыватных калекцыях Беларусі, Украіны, Германіі, Францыі, Іспаніі, Італіі, ЗША, Чэхіі, Польшчы, Расіі, Літвы, Латвіі і інш. Праведзена 30 персанальных выстаў у Беларусі і за яе межамі. За апошнія 15 год М. Ляўковіч быў удзельнікам каля 50-ці міжнародных і рэгіянальных выстаў, у тым ліку “біенале” акварэлі ў Віцебску, Полацку, Мінску, Каўнасе, Іспаніі, С.-Пецярбургу, Петразаводску, Стамбуле. Міхась Ляўковіч – актыўны ўдзельнік рэспубліканскіх, абласных і гарадскіх выстаў.

Юбілейная выстава Міхася Ляўковіча “Дзе Ты – там Я” будзе працаваць у Мастацкім музеі (філіяле УК “ВАКМ”) з 18 сакавіка па 15 красавіка 2020 года.

 

 

 

X