Выяздная выстава “INSITUS– 2020”

 

Выстава інсітнага мастацтва “INSITUS– 2020”, прысвечаная 380-годдзю нараджэння

разьбяра і друкараВасіля Кораня,

стваральніка Бібліі ў карцінках для народа

У 2020 годдзе ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі і Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адбылася VI Нацыянальная выстава інсітнага мастацтва “INSITUS– 2020”, прысвечаная 380-годдзю нараджэння разьбяра і друкара Васіля Кораня, стваральніка Бібліі ў карцінках для народа. Ілюстраваная Біблія Васіля Кораня з’яўляецца знакавым творам народнага мастацтва, друкарскага рамяства і духоўнай культуры ХVІІ ст. Даследчыца Г.Г. Саковіч піша пра яе, як пра самы яркі і прынцыпова новы твор рускай гравюры і кнігі ХVІІ ст., а таксама новы жанр у мастацтве – лубок. П’ер Луі Душартр сцвярджае, што дадзены твор можна лічыць першым узорам славянскага стылю ў гравюры. Біблія была надрукавана ў Маскве майстрам беларускага паходжання: Васіль Корань нарадзіўся ў Дуброўне, буйным рамесным цэнтры Вялікага княства Літоўскага.

Галоўнай тэмай выставы з’яўляецца арткніга і сінтэз візуальнага вобраза і слова ў непрафесійным выяўленчым мастацтве. Значнае месца займаюць творы на тэмы: гісторыя і культура роднага края праз народнае вытлумачэнне; вобразы народных герояў і творцаў: майстроў, асветнікаў, літаратараў, мастакоў. Асобную тэматыку складаюць творы духоўна-рэлігійнага і візіанерскага характару (прадбачанне, прадказанне, рэлігійнае адкрыццё). Абавязковым раздзелам застаецца традыцыйная тэма паўсядзённасці жыцця, народных святаў і сямейных абрадаў, рамесна-земляробчай і любоўна-сямейнай ідыліі, прыгажосць і багацце прыроды, вобразы народнай смехавай культуры.

У сусветнай мастацкай практыцы ўпершыню тэрмін “insita” (дадзены ад прыроды) у дачыненні да творчасці непрафесійных мастакоў быў ужыты славацкім даследчыкам Штэфанам Ткачом у 1966 г. Прадгісторыя інсітнага мастацтва Віцебскай вобласці бярэ пачатак у гарадской народнай культуры ХVІІ ст. (народны абраз, сценапіс, гарадская шыльда, драўляная скульптура). У ХХ ст. інсітнае мастацтва звязана з рознымі жанрамі малярскага рамяства (гарадская рэкламная шыльда, дэкарацыі фотаатэлье, маляваныя дываны), з мастацкай школай Ю. Пэна, сусветна-вядомага мастака М. Шагала; у заходніх раёнах вобласці з творчасцю Я. Драздовіча. Да 1980-х гг. творчасць мастакоў-самавукаў развівалася на двух узроўнях: у межах народнай вясковай культуры і арганізаванага аматарскага руху пры дзяржаўных установах культуры. На працягу 1960–1980-х гг. сталі вылучаць больш вузкі напрамак непрафесійнай творчасці, які атрымаў першапачаткова дэфініцыю “прымітыў”, а ў 1990-х – “іnsітa”. У 1991 г. Віцебскі АНМЦНТ правёў першую абласную выставу “Талент шчырага сэрца. Мастацтва Insitus” і стаў ініцыятарам наступных Нацыянальных выстаў наіўнага мастацтва “Insita” (1994, 2000, 2008, 2012, 2016), чатыры апошнія з якіх адбыліся ў Віцебску. У 2020 г. у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь быў уключаны элемент “Традыцыя інсітнага (наіўнага) мастацтва Віцебшчыны”.

У якасці духоўных вартасцей інсітнага мастацтва вызначаюць яго непарыўную сувязь з жыццёвымі абставінамі творцы, інспіраванасць выклікамі яго лёсу, прымацаванасць творчасці да роднага краю з усімі яго рэаліямі. Глядацкую аўдыторыю інсітнага мастацтва прываблівае паэтыка рамесна-працоўнай, земляробчай, любоўна-сямейнай ідыліі. У суб’ектыўнай наратыўнасці інсітнага творцы засўсёды прысутнічае агульнавыпрацаваныя народам адзнакі гістарычных падзей, каштоўнасці народнай этыкі, адметныя формы нацыянальнага жыцця.

Мастацка-стылёвыя вартасці інсітнага мастацтва, звязаны з першаснасцю творчага працэсу, цэласным і непасрэдным светаўспрыманнем, своеасаблівым для кожнага аўтара спосабам самавыяўлення. Ідылічна-казачная карціна свету і гратэскны рэалізм складаюць вобразную аснову інсітнага мастацтва, таксама могуць прысутнічаць тэмы экзістэнцыяльнага і візіанерскага характару. Ідэаграфічнасць, рэдукцыя вобразу да архетыпу, міфалагічная свядомасць заўсёды выдаюць інсітнага мастака. Яго творчы метад адзначаны элементамі мадэлявання вобразу па памяці, ці па ўяўленню. Інсітны творца працуе ў розных жанрах і з рознымі матэрыяламі, але пераважаюць графіка, жывапіс, дэкаратыўнае маляванне (дываны), пластыка (разьба па дрэве, мармуры, лепка з гліны, пластыліну, гіпсу, цыменту), брыкалаж (аб’екты з падручных матэрыялаў).

Пачэснае месца займаюць творы самабытных мастакоў-самавукаў з Віцебскай вобласці.

Інсітнае мастацтва Віцебшчыны, атрымаўшае ў лютым мінулага года статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь, напрацягу 2021 года будзе дэманстравацца ў рэгіянальных музеях вобласці. З 9 чэрвеня па 18 ліпеня 2021 года выстава "INSITUS - 2020" будзе прадставўлена ў Міёрскім гісторыка-этнаграфічным музеі. Раней творы самабытных мастакоў можна было пабачыць у музеях ў Гарадку, Лепелі, Сянне, Лёзне.

X