Выставка "Народные иконы Беларуси"

Народныя абразы – асаблівы пласт этнічнай культуры, які ўяўляе сабой сінтэз праваслаўнага іканапісу, заходнееўрапейскага сакральнага жывапісу і прыёмаў народнага дэкаратыўнага мастацтва. Беларускія народныя абразы напісаны ў рамках агульных хрысціянскіх канонаў, але, абапіраючыся на іх, перадавалі эмоцыі, пачуцці і сімпатыі самога іканапісца. Іх абагульняе напісанне на дошцы алейнымі фарбамі, часцей без выкарыстання грунта. Дошкі для абразоў апрацоўваліся не вельмі старанна, часта мелі дэфекты.

Усё гэта дазваляе меркаваць, што народныя абразы напісаны непрафесійнымі іканапісцамі, выкарыстоўваліся ў большасці для хатняга ўжытку, упрыгажэння покуці. Тым не менш, даследчыкі прыходзяць да высновы, што абразы малявалі не толькі невядомыя майстры-самавукі; часцей гэта былі рамеснікі, што здабывалі сваім майстэрствам сродкі на жыццё.  Абразы адпавядалі народнаму густу. Шырокая распаўсюджанасць такога віда творчасці, выразная своеасаблівасць, робяць яго неад’емнай часткай традыцыйнай беларускай культуры, адлюстраваннем народнага светапогляду.  З народных абразоў на нашчадкаў глядзяць жывыя твары святых, не заўсёды мастацка дакладных, але выпісаных з любоўю і стараннасцю. Сярод вобразаў, шануемых на беларускай вёсцы былі вобразы Ісуса Хрыста, Маці Божай, св. Мікалая, святых Варвары, Параскевы і інш.

Народныя абразы займаюць асобае месца ў зборы іканапісу многіх беларускіх музеяў, вывучэннем гэтай з’явы ў народным мастацтве займаюцца даследчыкі на міжнародным узроўні, бо народныя, або хатнія абразы з’яўляюцца здабыткам не толькі беларускай, але і ўкраінскай, рускай культуры. Агульнасць стылістычных рысаў, каларыстыкі, тыпажу лікаў, арнаментальнага апраўлення прасочваецца ў народных абразах Браншчыны, Гомельшчыны, Чарнігаўшчыны.

На выставе вы пабачыце 42 абразы ХІХ – пач. ХХ стст. з гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Заходняе і Усходняе Палессе, Падняпроўе, набытыя супрацоўнікамі музея народнай архітэктуры і побыту падчас шматлікіх экспедыцый за апошнія 40 год.

X
Укажите ваше имя на сайте Учреждение культуры «Витебский областной краеведческий музей».
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка