Выставка "Мой Витебск - моя Беларусь"

Выстава Уладзіміра Пракапцова ў Віцебску «МОЙ ВІЦЕБСК-МАЯ БЕЛАРУСЬ» не проста чарговае прызнанне гораду свайго юнацтва ў любові да яго. Гэта ўсведамленне вядомага ў свеце дзеяча мастацтва, мастацтвазнаўцы, ролі Віцебска ў гісторыі і сучаснай культурнай прасторы Беларусі, прызнанне значнасці Віцебскай мастацкай школы ў мастацтве нашай краіны і ў яго асабістым лёсе.

Віцебск Уладзімір Пракапцоў лічыць для сябе асабліва блізкім і дарагім, калыскай сваіх творчых мараў. Менавіта ў Віцебску, у далёкім 1970 годзе, пачынаўся яго шлях у МАСТАЦТВА. Вучоба на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава ў такіх мастакоў як Іван Сталяроў Дзмітрый Генеральніцкі, Алег Арлоў, Альберт Некрасаў, Аляксандр Гаўрушка, Леанід Анцімонаў назаўжды засталася ў яго памяці. I, канешне ж, асабліва цёплыя ўспаміны звязаны з тагачасным куратарам яго группы, прафесарам Аленай Жукавай.

Дваццаць год, пачынаючы з сакавіка 1998 года, Ўладзімір Пракапцоў плённа працуе на пасадзе генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Сёння ён заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі "Музейная справа", ганаровы член Расійскай акадэміі мастацтваў. Яго членства ў творчых арганізацыях, саветах, камітэтах і камісіях, здаецца, немагчыма пералічыць. Уладзімір Пракапцоў з'яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў, сябрам Беларускага камітэта ІСОМ і ICOMOS, членам Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЭСКА, членам Падкамітэта па прысуджэнні Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры, старшынёй Рады дырэктараў рэспубліканскіх і абласных музеяў, старшынёй канфедэрацыі творчых саюзаў Рэспублікі Беларусь... I пры гэтым, асабліва для віцеблян, ён застаецца простым і адкрытым, даступным для дыялогу па любых пытаннях.

Як жывапісец, Уладзімір Пракапцоў з 1986 года прымае актыўны ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных мастацкіх выставах. За яго плячыма некалькі персанальных мастацкіх выстаў. Шэраг яго жывапісных твораў знаходзіцца ў калекцыях вядучых музеяў Рэспублікі Беларусь, музеях бліжняга і дальняга замежжа. Больш сарака твораў з асабістай калекцыі аўтар перадаў Добрушскаму раённаму краязнаўчаму музею, дзе створана жывапісная галерэя, якая носіць яго імя.

Сёлетняя экспазіцыя рэтраспектыўная: у ёй можна ўбачыць як творы мастака студэнцкай пары, так і літаральна нядаўна напісаныя жывапісныя кампазіцыі цэнтральнымі вобразамі ў якіх паўстаюць Віцебск і Беларусь.

Выставка працягнецца ў Мастацкім музее да 09 лістапада 2018.

X
Укажите ваше имя на сайте Учреждение культуры «Витебский областной краеведческий музей».
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка