Выставка “INSITUS – 2020”

Русский

5 лістапада 2020 года а 16-й гадзіне ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі і Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці (а 15-й гадзіне) адбудзецца адкрыццё VI Нацыянальнай выставы інсітнага мастацтва “INSITUS– 2020”. Выстава прысвечана 380-годдзю нараджэння разьбяра і друкара, стваральніка Бібліі ў карцінках для народа Васіля Кораня. Праэкт ажыццяўляецца па ініцыятыве і сумесна з Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці (куратар Л. Вакар).

Інсітнае або наіўнае мастацтва – гэта адзін з накірункаў непрафесійнага мастацтва. Яно ўключае ў сябе выяўленчую творчасць мастакоў-самавукаў: жывапіс, графіку, разьбу па дрэву, скульптуру, архітэктуру, арт-аб’екты, інсталяцыі. 

Галоўнай тэмай выставы з’яўляецца арткніга і сінтэз візуальнага вобраза і слова ў непрафесійным выяўленчым мастацтве. Значнае месца займуць творы на тэмы: гісторыя і культура роднага края праз народнае вытлумачэнне; вобразы народных герояў і творцаў: майстроў, асветнікаў, літаратараў, мастакоў; прыродныя матывы і сюжэты паўсядзённага жыцця. Падчас адкрыцця выстаўкі народны майстар з Глыбокага Віктар Дудкевіч прадэманструе старажытную тэхналогію друкавання на рэканструяваным варштаце.

Асобную тэматыку складуць творы духоўна-рэлігійнага і візіанерскага характару (прадбачанне, прадказанне, рэлігійнае адкрыццё). Абавязковым раздзелам застаецца традыцыйная тэма паўсядзённасці жыцця, народных святаў і сямейных абрадаў, рамесна-земляробчай і любоўна-сямейнай ідыліі, прыгажосць і багацце прыроды, вобразы народнай смехавай культуры.

Сярод прадметаў выставы будуць прадстаўлены творы замежных сяброў праекта: А. Ляховіча (Тракай, Літва), С. Дружковай, Ул. Гарохава (Санкт-Пецярбург, Расія), мастака, сцэнарыста і пісьменніка Ю. Пяткевіча (Беларусь/Расія), сусветна вядомага мастака-прымітывіста са Светлагорску С. Коваля. Пачэснае месца займуць творы самабытных мастакоў-самавукаў з усіх абласцей Беларусі.

Экспазіцыя выставы складаецца з двух частак.У Віцебскім АМЦНТ будзе размешчана калекцыя рэканструкцый графічных аркушаў Бібліі Васіля Кораня, зробленыя маскоўскім мастаком, прэзідэнтам Акадэміі народнага мастацтва Віктарам Пензіным, а таксама рэтраспектыўны раздзел твораў інсітнага мастацтва канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя.

Інсітнае мастацтва Віцебкай вобласці прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі.

Падчас працы выставы адбудзецца прэзентацыя альбома наіўнай мастачкі Антаніны Маісеевай “Антаніна Маісеева. Жыццё ў карцінках: жывапіс, графіка, успаміны, вершы”.

Выстава будзе працаваць на працягу месяца.

X