Выстава «МАСТАЦКАЯ ШКОЛА ІМЯ ЯНА РАЗЭНТАЛЯ»

У межах дзеючага ў віцебскім Мастацкім музеі праекта «Мастацкія школы», выставы, прадстаўляючыя разнастайныя мастацкія школы, розныя мастацкія навуковыя установы маюць неацэннае значэнне. Яны пашыраюць магчымасць прадставіць наведвальнікам культуру іншых дзяржаў, пазнаёміць іх з творчасцю вядомых мастакоў сучасных замежных школ. Віцебску з яго багатымі традыцыямі развіцця мастацкай адукацыі ў Беларусі (ВНХУ, Віцебскі мастацкі тэхнікум, мастацка-графічны факультэт ВДУ імя П.М.Машэрава) вельмі важна практычнае вывучэнне асаблівасцей гэтых школ, іх тэндэнцый захавання і развіцця традыцый.

У кантэксце праекта «Мастацкія школы» вялікую цікавасць прадстаўляе знаёмства з асаблівасцямі і традыцыямі адной з найбольш вядомых у Еўропе устаноў мастацкай адукацыі – Мастацкай школы імя Яна Разэнталя.

На выставе прадстаўлена 74 жывапісныя творы выпускнікоў школы 1950 – 2000-х гадоў.

У гісторыі развіцця латышскага мастацтва ролю Мастацкай школы імя Яна Разэнталя немагчыма пераацаніць. Утвораная Латвійскай асацыяцыяй мастакоў у 1896 годзе, школа мастакоў за доўгія гады свайго існавання стала сапраўднай кузняй творцаў, дзе першыя навыкі мастацтва атрымала шмат вядомых майстроў жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўнага мастацтва. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што выпускнікі школы складаюць эліту латвійскага мастацтва XX і XXI стагоддзяў. І сёння Мастацкая школа імя Яна Разэнталя з'яўляецца адной з самых лепшых мастацкіх школ, дзе на латышскай мове на высокім узроўні выкладаюцца асновы акадэмічнага малюнка і жывапісу, а таксама скульптура, фатаграфія, кампутарная графіка, анімацыя, відэа-арт, дызайн інтэрнэт-сайта. Класічная арыентацыя на традыцыі акадэмічнай мастацкай адукацыі не перашкаджае засваенню навацый, эксперыментам. Сведчанне гэтага – высокі ўзровень прафесійнага майстэрства ў дыпломных працах выпускнікоў школы, што прадстаўлены на дадзенай выставе.

Адзначыўшы летась 120 гадоў з дня стварэння, мастацкая школа святкавала і 70-гадовы юбілей з даты прысваення ёй імя выбітнага латышскага мастака Яна Разэнталя (1866-1916). Да таго ж мінулы 2016 год у Латвіі быў абвешчаны годам Яна Разэнталя, а юбілей мастака ўключаны ў каляндар святочных дзён UNESCO. І гэта невыпадкова: жывапісец, графік, мастацкі крытык, Ян Разэнталь (1866-1916) у гісторыі мастацтва Латвіі заняў адно з цэнтральных месцаў на мяжы двух стагоддзяў. Творца абраў для сябе ў якасці жыццёвага шляху нястомны пошук новых ідэй і магчымасцяў, стаўшы адным з заснавальнікаў прафесійнага латвійскага мастацтва.

У наш час большая частка выпускнікоў Мастацкай школы імя Яна Разэнталя – «разэнтальцаў», становяцца студэнтамі Латвійскай Акадэміі мастацтваў, Латвійскай акадэміі культуры, Латвійскага ўніверсітэта і іншых устаноў культуры і мастацтва. Шэраг выпускнікоў навучаецца і ў еўрапейскіх універсітэтах.

Гісторыя стварэння цэнтра прафесійнай адукацыі «Нацыянальная школа мастацтваў імя Яна Разэнталя вядзе пачатак ад 1896 года - часу стварэння вячэрняй школы малявання. За доўгі час існавання школы яе назвы змяняліся шматкроць, але значным з'яўляецца імя Яна Разэнталя, якое школе прысвоілі ў 1946 годзе. Ян Разэнталь (1866-1916) - выпускнік аддзялення жывапісу Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Яго дыпломная праца "З царквы" (1894) стылістычна блізкая імпрэсіяністам, была першай дыпломнай працай з нацыянальным сюжэтам. Мастак адчуваў сучаснасць, і ў яго жывапісу – у партрэтах, міфалагічных кампазіцыях, пейзажах Латвіі мы назіраем уплывы імпрэсіянізму, югендстылю і сімвалізму.

Школа імя Яна Разэнталя была добрым стартам для далейшай вучобы і паспяховай творчай кар'еры. Экспазіцыя выставы знаёміць гледача з гістарыяй і традыцыямі развіцця школы імя Яна Разэнталя дае ўяўленне пра кірункі сучаснай мастацкай адукацыі, дапамагае зразумець сродкі выразнасці сучасных мастакоў і ўбачыць актуальныя тэндэнцыі.

Адбор твораў і падрыхтоўку матэрыялаў для выставы ў Віцебску ажыццяўлялі дырэктар школы Яніс Дукатс і метадыст, выкладчык жывапісу і кампазіцыі Віта Юр'янэ.

 

Міхась Цыбульскі – кандыдат мастацтвазнаўства, куратар выставы.

X
Укажите ваше имя на сайте Учреждение культуры «Витебский областной краеведческий музей».
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка