Выстава графічных і твораў Сяргея Кухто

Выстава графічных і твораў Сяргея Кухто адбудзецца ў Мастацкім музее з 10 студзеня па 03 лютага 2019 года.

Жыццё і творчы лёс Сяргея Кухто змяшчаюцца ў некалькіх радках біяграфіі: нарадзіўся 22.4.1959 года ў Віцебску, у 1978 годзе скончыў Мінскую мастацкую вучэльню імя А. Глебава, дзе вучыўся ў М. Ф. Пракапенкі, К. Ф. Шастоўскага, А. А. Малішэўскага. Нягледзячы на тое, што з сярэдзіны 1990-х гадоў шмат творча працаваў, ў выставах  удзельнічаў не часта. А 1.11.1999 Сяргея Кухто ўжо не стала...

Магчыма, першае ўзгадванне пра кентаўра сустракаецца ў лістах Сяргея Кухто, напісаных сваёй каханай ў 1979-1981 гг: “Хачу намаляваць кентаўра са сваім тварам і целам...”

Архетып кентаўра, які складаўся на працягу многіх стагоддзяў, мастак  нібы то прымяраў на сябе, адчуваў блізасць і падабенства з гэтым персанажам.   Здаецца ў асобе кентаўра, які на доўгія гады стане цэнтральным вобразам у творчасці Сяргея Кухто, яго асабліва прыцягвала дзіўнае спалучэнне звярынай натуры, магутнай сілы і накіроўваючай яе волі...

            Мастак “перасяліў” свайго кентаўра з гор і лясных гушчароў грэчаскай Фесаліі, на  віцебскую зямлю. Адзінота кентаўра відавочная і, разам з тым, нярэдка побач з ім вобраз яго спадарожніцы. Пераважная большасць жывапісных кампазіцый створана С. Кухто ў перыяд 1992-1999 гг. У кожнай працы мастак адштурхоўваўся ад натуры, шукаў патрэбны прататып. Зноў і зноў вяртаўся да сваіх палотнаў – нешта змяняў, папраўляў, дапісваў. Але многія палотны, на думку самога мастака, так і засталіся няскончанымі...

            Адметная рыса кампазіцый Сяргея Кухто – асаблівая ўвага да дэталяў, касцюмаў персанажаў, карпатлівая праца над асобнымі элементамі карціны. Здаецца, ў творах няма нічога выпадковага – ўсё  сур’ёзна прадумана і адточана з высокапрафесійнай адказнасцю.

            Сяргей Кухто быў яскравым прадстаўніком набраўшага сілу напрыканцы ХХ стагоддзя ў сусветным, у тым ліку і беларускім мастацтве, пастмадэрнізму з яго  спецыфічнай прыхільнасцю да нэаміфалагізма і асаблівай цікавасцю да стылістыкі гіперрэалізму. 

            Дадзеная персанальная выстава Сяргея Кухто прысвечана 60-годдзю з дня яго нараджэння і складаецца з твораў, якія з’яўляюцца ўласнасцю сям’і мастака, а таксама з кампазіцый са збору Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, прыватных калекцый.  

 

Міхась Цыбульскі -

кандыдат мастацтвазнаўства,

куратар выставы.

 

X
Укажите ваше имя на сайте Учреждение культуры «Витебский областной краеведческий музей».
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка