Прэзентацыя ўнікальнага артэфакта

16 красавіка а 16-й гадзіне ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі (вул. Леніна, 36) адбудзецца прэзентацыя ўнікальнага артэфакта, знойдзенага ў 2019 г. у г. Чуднове (Украіна), – надмагільнай пліты з пахавання вядомага беларускага і польскага пісьменніка і паэта Яна Баршчэўскага (1781? - 1851), аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры.

Ян Баршчэўскі нарадзіўся ў вёсцы Мурагі Полацкага павета Віцебскай губерні (зараз Расонскі раён) у сям'і святара, якая, як мяркуецца, належала да збяднелага шляхецкага роду. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Канікулы часцей за ўсё праводзіў у падарожжах па родных мясцінах - ваколіцах возера Нешчарда. Збіраў легенды, якія затым увайшлі ў самы вядомы яго твор - "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях».

Адзін час Ян Баршчэўскі жыў і працаваў у Пецярбургу, а да 1850 года пераехаў у Чуднаў, дзе памёр ад сухотаў.

У пачатку 2000-х гг. уласнік падворка ў Чуднаве пачаў праводзіць газаправод і выкапаў чыгунную пліту. Ад іржы не было відаць, што на ёй напісана. Яна важыла 35 кілаграмаў.

17 гадоў пліта проста стаяла на падворку, пакуль уласнік не вырашыў зацэментаваць двор, а для эканоміі цэменту пакласці пліту. Пад уплывам надвор'я надпіс сышоў з пліты, але гаспадары падумалі, што гэта нямецкая мова, і не сталі перакладаць.

15 красавіка 2019 г. плітой зацікавілася дачка гаспадароў падворка Алена Прыходчанка, якая стала шукаць аналаг імя з пліты ў інтэрнэце і знайшла, што пліта магла знаходзіцца на магіле пісьменніка Яна Баршчэўскага. На пліце - надпіс на польскай мове: «Ян Баршчэўскі, прыхільнік Бога, прыроды і людзей, пісьменнік натхненняў і пачуццяў. Жыў годна 70 гадоў. Памёр 28 лютага 1851 года". Знаходка стала сапраўднай сенсацыяй, праліўшы святло на дакладны год нараджэння пісьменніка.

На сродкі Фонду імя Марыі Магдалены Радзівіл (Швейцарыя) у 2020 г. у Чуднове (Украіна) адкрыты помнік Яну Баршчэўскаму, а ў 2021 г. арганізавана рэстаўрацыя надмагільнай пліты ў Мінску.

6 красавіка 2021 г. дошка была прэзентавана ў Расонах, 14 красавіка ў Полацку і з 16 красавіка будзе непрацяглы час экспанавацца ў віцебскай Ратушы.

Прэзентацыя адбудзецца 16 красавіка а 16-й гадзіне ў Ратушы

(Віцебскі абласны краязнаўчы музей, вул. Леніна, 36). Уваход вольны.

У мерапрыемстве ўдзельнічае дацэнт кафедры літаратуры ВДУ імя П.М. Машэрава Любоў Глазман.

 

Унікальны артэфакт можна будзе пабачыць усяго некалькі дзён

на выставе «100 рарытэтаў да 100-годдзя музея» ў Ратушы.

 

Кошт квітка: школьнікі, студэнты - 1,80 руб., дарослы - 3,60 руб.

 

Кантакты: 66-05-87, +375 29 2102261

X